Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчыгры́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шчыгрыну. Шчыгрынавая вытворчасць. Шчыгрынавы завод. // Зроблены са шчыгрыну. Шчыгрынавы пераплёт. // Падобны на шчыгрын. Шчыгрынавая папера.

шчыгу́льнасць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць шчыгульнага (у 2 знач.). Нічога ў .. [Гордзіка] няма ад бацькоўскай шчыгульнасці. Ракітны.

шчыгу́льны, ‑ая, ‑ае.

Абл.

1. Які шчыльна, добра прылягае; у абцяжку. [Каморнік] доўга прыладжваў на нагах шчыгульныя гетры. Чорны.

2. Зграбны, ладны. Цяпер.. [бацька] шыў не адны ялавыя, а і самыя шчыгульныя хромавых боты. Вітка. // перан. Асаблівы, нязвыклы, выключны. Не падабалася гэтая шчыгульная шляхетнасць Цішку і майму брату Ваньку. Хведаровіч.

шчы́калатка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Сучляненне касцей галёнкі з касцямі ступні, якое выдаецца па баках нагі. Шчыкалаткі былі загорнуты анучамі, якія былі запраўлены ў салдацкія чаравікі. Новікаў. // Абл. Сучляненне касцей на пальцах рук. [Парфеніха] пастукала шчыкалаткамі пальцаў аб паліваны бок. Баранавых. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў ля шчыкалатак голыя рукі. Пташнікаў.

шчыка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчыкаць.

шчыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і шчыпаць (у 1–3 знач.). Зосітэ ўвесь час не давала спакою свайму каханаму: .. нават гулліва шчыкала яго за бакі. Броўка. Холад браў за ногі, шчыкаў за вушы. Сабаленка. Аброслы дзядзька ў капелюшы няўдала шчыкаў канцы папярос двума тоўстымі пальцамі. Брыль.

шчыке́тнік, ‑а і ‑у, м.

Разм. Тое, што і штыкетнік. За рэдзенькім, густа пабеленым вапнай шчыкетнікам — звонкія галасы малечы і падлеткаў. Ракітны.

шчыке́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да шчыкетніка.

шчыке́ты, ‑аў; адз. шчыкет, ‑а і ‑у, М ‑кеце, м.

Тое, што і штыкеты. Высокія шчыкеты навакол рынку былі аплецены зверху калючым дротам. Якімовіч. За шчыкетам квітнелі чырвоныя, жоўтыя і белыя цюльпаны. Аношкін.

шчыке́ціна, ‑ы, ж.

Тое, што і штыкеціна. Брамка з завостраных шчыкецін.. была адчынена. Чорны.