хаўта́йм, ‑а, м.
Уст. Палавіна гульні ў футболе і хакеі з мячом.
[Англ. half-time.]
хаўту́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які мае адносіны да хаўтур, звязаны з хаўтурамі. Хаўтурны абрад. □ Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звону. Караткевіч. Санька — яго таксама ўзялі з сабою — смяяўся і радаваўся, забыўшыся, што гэтая рыба пойдзе на хаўтурны стол. Савіцкі.
2. перан. Сумны, тужлівы. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Быкаў. Усюды панаваў хаўтурны настрой: гаварылі ціха, хадзілі асцярожна, быццам недзе блізка ў хаце быў нябожчык. Машара.
хаўту́ры, ‑тур; адз. няма.
1. Разм. Абрад провадаў нябожчыка для пахавання. — Хаўтуры ў іх. Дзіцёнак у Турбоціхі памёр, — сказалі войту. Гарэцкі. Вяселле слаўна песнямі, хаўтуры — плачам. Прымаўка.
2. Абл. Жалобны стол, абед па нябожчыку. Пахаваў поп дзіця, пахрысціў тройчы магілу, выпіў першы, пакуль сабраліся людзі, чарку на хаўтурах і паехаў. Пальчэўскі.