Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

характарысты́чнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць характарыстычнага. Моцная экспрэсіўнасць, дакладны сялянска-бытавы каларыт, наогул яркая характарыстычнасць уласцівы для мовы большасці герояў [М. Лобана]. Дзюбайла.

характарысты́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Тое, што і характэрны (у 1 знач.).

характэ́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць характэрнага (у 1, 2 знач.). Мне здаецца, што гэта была яшчэ адна яго [К. Чорнага] характэрнасць: слухаць, як з чужога голасу гучыць слова, гэтая найпершая акраса любога твора. Скрыган.

характэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адметныя, рэзка выяўленыя, своеасаблівыя рысы. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне ды прыглушана гула вентыляцыя. Карпаў. Пан быў вельмі абураны, задрыжаў яго характэрны падбародак. Бядуля.

2. Уласцівы пэўнай асобе, прадмету, з’яве. Характэрнаю рысаю стылю [Бядулі] з’яўляецца спалучэнне бытавізму з паэтычнасцю. Адамовіч. Трэба было ўнесці ў гэтую справу тую наладжанасць, тую празрыстую яснасць, якія былі характэрны для любой справы, за якую б ні браліся бальшавікі. Лынькоў.

3. У мастацтве — уласцівы пэўнаму народу, эпосе, грамадскаму асяроддзю. Характэрныя танцы. Характэрныя ролі.

хара́л, ‑а, м.

Рэлігійнае многагалосае песнапенне, якое атрымала асаблівае пашырэнне ў пратэстантаў і католікаў. А яшчэ праз хвіліну шматгалосы звонкі харал да самай столі напаўняў вялізную фізкультурную залу. Навуменка. // Музычная п’еса ў такой форме. Харалы Баха.

[Ад лац. (cantus) choralis — харавое (песнапенне).]

харалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да харалогіі.

харало́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае арэалы распаўсюджання асобных відаў раслін і жывёлін.

[Ад грэч. choros — месца і ...логія.]

хара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да харала; у форме харала. Харальныя спевы. Харальная музыка.

хараство́, ‑а, н.

1. Сукупнасць якасцей, якія прыносяць задавальненне, асалоду зроку, слыху; усё прыгожае і прыемнае. Хараство беларускай прыроды. Хараство мора. □ Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць.. [летнія ночы] на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. Колас. Жніво для.. [Зіны] — гэта нават і не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Кулакоўскі.

2. Краса, прыгажосць, чароўнасць. Хараства такога ў свеце Не было, не будзе; Аб ёй [Бандароўне] людзі гаварылі, Як аб нейкім цудзе. Купала.

•••

Не з хараства ваду піць гл. піць.

харашу́н, ‑а, м.

Разм. Тое, што і прыгажун. — Гатоў [заяц]! Ты бачыў, які харашун! Жук.