фундзі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
Кніжн. Абгрунтаваць (абгрунтоўваць).
[Ням. fundieren ад лац. fundare — закладваць, засноўваць.]
фундзі́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што.
Разм. Запрашаць каго‑н. і плаціць за пачастунак, забаву, купляць што‑н. каму‑н. у падарунак. Фундзіць марожанае.
фунду́к, ‑у, м.
1. Адзін з відаў ляшчыны, ляшчэўнік, які расце на поўдні.
2. зб. Арэхі, плады гэтага ляшчэўніку.
[Тур. findik з грэч.]
фунікулёр, ‑а, м.
Пад’ёмна-транспартнае збудаванне з канатнай цягай, прызначанае для перавозкі пасажыраў на крутых пад’ёмах. Вагончык фунікулёра паўзе па крутым зялёным схіле, ад ваннага будынка на беразе ракі Тэплай — угору. Лужанін.
[Фр. funiculaire ад лац. funiculus — вяроўка, канат.]
фу́нкцыя, ‑і, ж.
1. Кніжн. З’ява, якая залежыць ад другой асноўнай з’явы і змяняецца ў залежнасці ад змянення другой з’явы. Можа, падкрэсліванне выключнасці грамадскіх функцый мастацтва было звязана ў Багдановіча з палемічным духам амаль усіх яго твораў, напісаных на тэму аб мастацтве. Лойка.
2. У матэматыцы — залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх; пераменная велічыня, значэнне якой адпавядае другой велічыні або залежыць ад яе. Трыганаметрычныя функцыі. □ Янча перагортвае табліцу лагарыфмаў і, адшукаўшы патрэбную функцыю вугла, запісвае яе ў сшытак. Васілевіч.
3. У фізіялогіі — спецыфічная дзейнасць жывёльнага ці расліннага арганізма, яго органаў, тканак і клетак. Жыццёвыя функцыі арганізма. Дыхальная функцыя скуры.
4. перан. Абавязак, кола дзейнасці; работа, задача. Службовыя функцыі. □ [Калатухін:] Даруйце, таварыш старшыня, што я, так сказаць, бяру на сябе функцыі гаспадара, але прашу загадаць усім пабочным выйсці. Мележ. Пеця абраны сакратаром гуртка і вось выконвае сваю функцыю — чытае праграму Грамады. Пестрак. А Штрыпке ўсё бегаў ля вагонаў — гэта не ўваходзіла ў функцыі Багуцкага, той гаспадарыў у дэпо. Лынькоў.
5. Значэнне, прызначэнне, роля. У сказе назоўнікі звычайна выконваюць функцыю дзейніка або дапаўнення, што абумоўліваецца іх прадметным значэннем. Граматыка.
[Ад лац. functio — выкананне.]
функцыяналі́зм, ‑у, м.
Кірунак у архітэктуры 20 ст., які характарызуецца рацыянальнасцю ў будаўніцтве, увагай да функцыянальнага прызначэння будынкаў, эканамічнасцю, прастатой форм, занядбаннем дэкаратыўных элементаў.
функцыяналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Прыхільнік функцыяналізму.
функцыяна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да функцыі. Функцыянальная залежнасць. Функцыянальны аналіз.
2. Які належыць да функцый чаго‑н., тлумачыцца функцыяніраваннем чаго‑н., залежыць ад дзейнасці, а не ад структуры чаго‑н. Функцыянальны надзел працы. Функцыянальнае расстройства сардэчнай дзейнасці.
функцыяне́р, ‑а, м.
Чалавек, які выконвае якую‑н. функцыю; работнік. Альбіна даведалася, што Станіслаў, як функцыянер падпольнага Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, быў пасланы на Навагрудчыну для арганізацыі забастоўкі рабочых фальваркаў. Сабаленка.
[Фр. fuctionnaire.]
функцыяні́раванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. функцыяніраваць.