фу́ра, ‑ы, ж.
1. Вялікія калёсы для перавозу грузаў, паклажы. Дзёмін вынес на двор мінамёт, паклаў на параконную фуру, на якой стаялі скрынкі з мінамі. Кудравец. След вёў на бліжэйшую леснічоўку і заканчваўся пад нагружанай сухім ламаччам фурай стражніка. Паслядовіч.
2. Крытая павозка. Вялізныя санітарныя фуры стаялі ў строгім парадку. Асіпенка. За апошняй цыганскай фурай валюхае на жалезным ланцугу злінялы, з бурай поўсцю мядзведзь. Навуменка.
3. Крыты кузаў на калёсах, машыне і пад. [Мятліцкі] прыцягнуў аднекуль каламажку, з фураю наверсе, але лёгкую ў хадзе, на гумавых колах. Савіцкі.
фура́ж, ‑у, м.
Раслінны корм для свойскай жывёлы і птушак. Сама [цётка Зося] атрымлівала фураж, карміла, паіла жывёлу ўсю зіму аж да вясны. Бялевіч.
[Фр. fourrage.]
фура́жачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фуражкі; звязаны з вырабам, продажам фуражак. Фуражачная майстэрня.
фура́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Галаўны ўбор з аколышам і казырком; форменная шапка. На салдатах не было пагон, на фуражках былі намаляваны пяцікутныя зоркі. Самуйлёнак. Ад Янукевіча выйшаў малады вайсковец у светла-сіняй фуражцы з малінавым аколышам. Хадкевіч.
[Польск. furażerka.]
фура́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фуражу. Фуражныя фонды. □ Ліда.. ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з большых у раёне фуражных баз. Брыль. // Прызначаны для фуражу. Фуражны вагон.
2. Які з’яўляецца фуражом, ідзе на корм жывёле. Фуражная бульба.
•••
Фуражная карова — дойная карова, якая атрымлівае дадатковы фураж.
фуражы́р, ‑а, м.
1. Асоба, у абавязкі якой уваходзяць нарыхтоўка, захоўванне і выдача фуражу. Фуражыр калгаса. Фуражыр эскадрона. □ Муж, Федзя, працуе фуражырам на ферме, працадні яму ідуць кожны дзень. Палтаран.
2. Уст. Ваеннаслужачы, які прызначаўся для нарыхтоўкі фуражу. Захапіць у палон фуражыраў ворага.
фуражы́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фуражыра; які складаецца з фуражыраў. Фуражырны атрад.
фуражыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Уст. Здабыванне і збор фуражу ў ваенны час.
фуражы́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фуражыра.