Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упо́перак, прысл. і прыназ.

1. прысл. У шырыню, па шырыні чаго‑н.; проціл. удоўж. Клава шпарка перабегла ўпоперак гасцінец і апынулася дома. Чорны. Разрэваныя ўпоперак дошкі на тых жа ваганетках адвозяць да цыркульных піл, дзе яны ператвараюцца ў роўныя брускі. Рунец. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. // Пасярэдзіне. [Сяргей:] — Схапіў я.. [пана] ўпоперак і павалок у пакой. Машара.

2. прысл.; перан. Насуперак. [Паддубны:] — Там жа, перад народам, расстралялі сабаку. [Камлюк:] — Правільна! Караць бязлітасна такіх! Яны ж са сваім марадзёрствам упоперак нам... М. Ткачоў.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «упоперак» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго‑н. А раніцою на Дняпры ля плёса, Упоперак вялікае ракі, Вялі выпрабаванне землясоса Славутыя балтыйцы-маракі. Астрэйка. — Дадому, Дамка! — злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні. Даніленка.

•••

Удоўж і ўпоперак гл. удоўж.

упо́плеч, прысл.

Разм. Тое, што і поплеч. Ісці ўпоплеч. □ Стань жа ўпоплеч, мой друг, і на хвілю замры! Гілевіч.

•••

З векам упоплеч гл. век.

упо́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне і стан паводле дзеясл. упіраць — уперці (у 3 знач.) і упірацца — уперціся (у 1 знач.).

2. ‑а. Прадмет, месца, у якое ўпіраюцца. Ён [шэф] пяць патронаў у кішэнь, Нагледзеў лепшую мішэнь, Прылёгшы на ўпор, І стрэльбу да пляча прыпёр. Крапіва. Буфер адыгрывае ў час лоўлі ролю ўпора для рукі пры закідванні насадкі. Матрунёнак.

3. ‑а. Падпора, якая падтрымлівае што‑н. І раптам — думка: а што, калі віхура пабярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. // Прадмет, пры дапамозе якога абмяжоўваецца перамяшчэнне чаго‑н. Чыгуначны ўпор. Падлажыць упоры пад калёсы аўтамашыны.

4. ‑у; перан. Сканцэнтраванне ўвагі на адным чым‑н. У рашэнні Пленума галоўны ўпор робіцца на ўсямернае выкарыстанне аб’ектыўных эканамічных законаў. «Звязда».

•••

Ва ўпор — а) пільна, прама (глядзець, разглядаць каго‑, што‑н.). Прыпыніўшыся, Рая паглядзела на.. [Севу] ва ўпор і прыжмурылася. Карпаў. — Ну што, даражэнькі, будзем рабіць? — нарэшце спытаў Аляксей Аляксандравіч, паклаўшы абодва кулакі на стол і ва ўпор пазіраючы на Пятра. Ваданосаў; б) адкрыта, без хітрыкаў (сказаць, спытаць што‑н.). І раптам [Шыковіч] павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Шамякін; в) з блізкай адлегласці, амаль упіраючы дула (страляць, расстрэльваць). [Пушка] біла ва ўпор па ганку, што ішоў праз лес. М. Ткачоў. Батура страляе з пагана тры разы. Ва ўпор, у росхрыст паркалёвай сарочкі па грудзях. Навуменка.

упо́равень, прысл.

Разм.

1. На адной лініі, вышыні, глыбіні і пад. Вада кіпела ўпоравень з бартамі. Арабей. Хвілін праз пяць.. [Раман] падняў упоравень з грудзьмі ляшча і гукнуў: — Во!!! Ляўданскі. [Хатка] такая маленькая і нізкая, што мальвы і сланечнік, якія абступілі яе вакол прызбы, цвітуць упоравень са страхой. Васілевіч. // На аднолькавым узроўні, у роўным становішчы. Літаратура наша вырасла да такой ступені, што зрабілася фактам не толькі нацыянальна-беларускім, а выйшла на ўсесаюзную арэну, стаўшы ўпоравень з лепшымі творамі шматнацыянальных літаратур. Скрыган.

2. Аднолькава, на роўных умовах, правах і пад. [Алена Данілаўна] адчула сябе ўпоравень з усімі, з вядомымі ў краіне партыйнымі кіраўнікамі, з наватарамі вытворчасці. Сабаленка. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.

3. Поруч, побач. У падраным кажушку бяжыць упоравень з санкамі мужычок — грэецца. Мурашка. Ганна Макараўна ішла ўпоравень з вагонамі. Марціновіч.

упо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць, прызначаны для ўпору. Упорная стойка. Упорны ніт.

упо́тай, прысл.

Непрыкметна для іншых, скрытна, тайком, цішком. Вера Іванаўна ўпотай пазірала, як Пятро абыходзіцца з малою. Сабаленка. І толькі часам вечарамі, употай ад хлопцаў, даставаў [Алёша] з тумбачкі чорную бесказырку і падоўгу моўчкі сядзеў, пазіраючы ў засмужанае марозам акно. Нядзведскі.

упо́тайкі, прысл.

Тое, што і употай. А на развітанне бацька, употайкі выцершы скупую мужчынскую слязу, дадаў: «Толькі жыві праўдай. Ведай: праўда святлей за сонца». Гурскі. Толькі сёмага лістапада Саша зразумела значэнне сцягоў, якія ўпотайкі пашыла і перадала Даніку. Шамякін.

упо́тайку, прысл.

Разм. Тое, што і употай. На вечары засталася толькі моладзь. Сярод яе была нават адна сама па сабе прывабная дзяўчына Вера Іжыцкая, з заняпалага дваранскага роду. Лабановіч употайку наглядаў за ёю. Колас. Аўстра замілавана глядзела на .. [Каспара]. «Не, не можа быць, каб такі хаваў нешта ўпотайку ад мяне». Броўка.