Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэнзіёметр, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння паверхневага нацяжэння вадкасцей.

[Лац. tendere — нацягваць, напружваць і грэч. metreō — вымяраю.]

тэнзо́метр, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння дэфармацый, якія выклікаюцца механічнымі напружаннямі ў цвёрдых целах.

[Лац. tendere — нацягваць, напружваць і грэч. metreō — вымяраю.]

тэ́ніс, ‑а, м.

Спартыўная гульня з мячом і ракеткамі на пляцоўцы-корце з сеткай пасярэдзіне. Спаборніцтва па тэнісу.

•••

Настольны тэніс — тое, што і пінг-понг.

[Англ. tennis.]

тэнісі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Ігрок у тэніс. — Калі думкі тэнісіста лунаюць па-за кортам, яму цяжка разлічваць на поспех, — у тон яму адказвала Валя, чакаючы, што Павел зразумее намёк і раскажа пра свае турботы. Шыцік.

тэнісі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да тэнісіст.

тэ́ніска, ‑і, ДМ ‑нісцы; Р мн. ‑сак; ж.

Сарочка з кароткімі рукавамі, звычайна трыкатажная. [Рамір] быў у бэзавай тэнісцы, якая прыгожа аблягала цела гімнаста. Асіпенка.

тэ́нісны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэніса, звязаны з гульнёй у тэніс. Тэнісныя спаборніцтвы. // Прызначаны для гульні ў тэніс. Тэнісная ракетка. Тэнісная пляцоўка.

тэнт, ‑а, М ‑нце, м.

Парусінавая стрэшка, пад якой хаваюцца ад сонца і дажджу. На карме пад тэнтам стаялі пасажыры і махалі рукамі тым, хто застаўся на прыстані. Жычка.

[Англ. tent.]