Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэлеві́зар, ‑а, м.

Радыётэхнічнае ўстройства для прыёму тэлевізійных перадач і іх гукавога суправаджэння. У кутку — тэлевізар, без чаго ў нашы часы проста жыць нельга. Скрыган. Над стрэхамі таксама правады, і ледзь не ўсюды антэны для тэлевізараў. Кулакоўскі.

[Ад грэч. tēle — далёка і лац. visio — бачанне.]

тэлеві́зарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэлевізара. Тэлевізарны экран. // Прызначаны для тэлевізара. Тэлевізарны столік, // Звязаны з вырабам тэлевізараў. Тэлевізарны завод.

тэлевізі́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для прыёму або перадачы відарысаў з дапамогай сродкаў тэлебачання. Тэлевізійная станцыя. Тэлевізійная студыя. □ Як гасцінны гаспадар і як гід адначасова, шафёр паказвае мне новыя дамы ў Століне — і жылыя, і адміністрацыйныя, на рэтрансляцыйную тэлевізійную вышку, на першакласны бальнічны гарадок. Місько. Хмары над горадам плылі нізка, ахіналі нават шпіль тэлевізійнай вежы. Карпаў.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлебачання. Тэлевізійнае вяшчанне. Тэлевізійная перадача. Тэлевізійны фільм. □ Першы тэлевізійны музычны спектакль для маленькіх гледачоў адбыўся. «ЛіМ».

•••

Тэлевізійны цэнтр гл. цэнтр.

тэлевымяра́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэлевымярэння, служыць для яго. Тэлевымяральная схема.

тэлевымярэ́нне, ‑я, н.

Спец. Вымярэнне на адлегласці фізічных велічынь, якія характарызуюць тэхнічны працэс, з’явы прыроды або стан жывога арганізма.

тэлевы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Вышка для перадачы на адлегласць тэлевізійных сігналаў.

тэлевяшча́нне, ‑я, н.

Радыёвяшчанне з перадачай відарысаў з тэлевізійнага цэнтра.

тэлегляда́ч, ‑гледача, м.

Той, хто глядзіць тэлевізійныя перадачы.

тэлегляда́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да тэлеглядач.

тэлегра́ма, ‑ы, ж.

Паведамленне, перададзенае па тэлеграфе. Вечарамі па сценах .. няспыннай стужкай бягуць светавыя літары тэлеграм, толькі што атрыманых рэдакцыяй з усіх канцоў свету. Новікаў. Пасля .. старшыня райвыканкома зачытаў прывітальныя тэлеграмы ў адрас Ахрэма Іванавіча. Кавалёў. [Ян:] — Заўтра тэлеграму адбі. Прыедзе ці не, а паведаміць ты павінен. Чарнышэвіч. // Бланк з такім паведамленнем. Праз тыдзень Ваўчок атрымаў тэлеграму з Чкалава: «Трактары адгружаны, эшалон адпраўляецца. Лясовіч». Хадкевіч.

[Ад грэч. tēle — далёка і gramma — запіс]