Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэарэтызава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тэарэтызаваць.

тэарэтызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак.

Займацца тэарэтычнымі пытаннямі, абстрактна разважаць на тэарэтычныя тэмы.

тэарэтыза́цыя, ‑і, ж.

Разважанні на тэарэтычныя тэмы, адарваныя ад вопыту, не правераныя і не падмацаваныя практыкай.

тэарэ́тык, ‑а, м.

1. Той, хто распрацоўвао тэарэтычныя пытанні ў якой‑н. галіне ведаў, мастацтва. Ленін з’явіўся дастойным пераемнікам Маркса і Энгельса не толькі як геніяльны тэарэтык, але і як вялікі арганізатар рэвалюцыйнай барацьбы. «Звязда». У адным месцы .. [дзед] гаворыць, што малыя спадарожнікі Сатурна раптам зацікавілі тэарэтыкаў касмічных палётаў. Шыцік.

2. Разм. Чалавек, які любіць абстрактна разважаць. [Тышкевіч:] — Начытаўся кніг і радуецца. Ды зразумей ты, тэарэтык, што немца ў Маскву да зімы не пусцяць, хай ён расп[яража]цца, а не пусцяць яго. А адтуль ён хутчэй за Напалеона пабяжыць. Асіпенка.

тэарэты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць тэарэтычнага. Тэарэтычнасць артыкула.

тэарэты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэорыі. Тэарэтычнае абагульненне. Тэарэтычныя пытанні. □ Пытанне аб дзяржаве набывае ў цяперашні час асаблівую важнасць і ў тэарэтычных і ў практычна-палітычных адносінах. Ленін. // Які разглядае, асвятляе пытанні тэорыі, які займаецца пытаннямі тэорыі. Тэарэтычнае мовазнаўства. Тэарэтычная фізіка. // Які выражае схільнасць, здольнасць займацца тэорыяй. Тэарэтычны розум.

2. Звязаны з тэорыяй, які засноўваецца па тэорыі. Тэарэтычнае абгрунтаванне. □ Каб быць навуковай, лексікаграфія павінна апірацца на грунтоўную тэарэтычную аснову. Суднік. Тэарэтычныя асновы знешняй палітыкі Савецкай дзяржавы, яе прынцыпы і мэты распрацаваў У. І. Ленін. «Звязда». // Атрыманы шляхам абстрактна-лагічных аперацый або матэматычных разлікаў. Тэарэтычныя разлікі.

тэасафі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэасофіі, тэасофа. Тэасафічная літаратура.

тэасо́ф, ‑а, м.

Прыхільнік, паслядоўнік тэасофіі.

тэасо́фія, ‑і, ж.

Рэлігійна-містычнае вучэнне аб яднанні чалавечай душы з богам і аб магчымасці непасрэдных адносін з тым светам.

[Грэч. theos — бог і sophia — мудрасць, веды.]

тэасо́фка, ‑і, ДМ ‑фцы; Р мн. ‑фак; ж.

Жан. да тэасоф.