Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ручны́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны, прыстасаваны для рукі (у 1, 2 знач.), для рук. Ручны гадзіннік. Ручны багаж.

2. Які робіцца рукамі, уручную, а не машынай. Ручная здабыча вугалю. // Зроблены ўручную. Ручная вышыўка. // Які прыводзяцца ў дзеянне рукой, рукамі. Ручны станок. Ручная граната.

3. Такі, які не баіцца чалавека, прывык да чалавека; прыручаны (пра жывёлін, звяроў). Зайчанятка так прывыкла да Жэні, што зрабілася проста ручным: Жэня выпускае яго з клеткі, і яно бегае за ёй, як кошка. Якімовіч. А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка.

ручы́цца, ру́чыцца; незак.

Разм.

1. Весціся; добра гадавацца, пладзіцца. Даніла — хлопец станавіты, Марына — болей бы такіх. Пайшло дабро ручыцца ў іх. Колас. А каты Заблоцкім ручацца .. От каб гэтак, як каты, авечкі ручыліся. Калюга. Як гаспадар каля жывёлы мучыцца, то жывёла ручыцца. Прыказка.

2. (звычайна з адмоўем). Удавацца, шанцаваць; надарацца. Убачыць усё хацеў Ахрэма, ды ніяк не ручылася сустрэча. Баранавых.

ручы́ць, ручыць; незак., звыч. безас.

Разм. Удавацца, выпадаць, шчасціць. — Можна часцей у такія госці ездзіць, — пажартавала Галя. — Каб жа так кожны раз ручыла, — у тон ёй дадаў Адам. Дубоўка. — Ручыць жа катораму шчасліваму... Шынклер. Уся гаспадарка была на маіх руках і добра ручыла. Ядвігін Ш.