руплі́вец, ‑ліўца, м.
Разм. Пра дбайнага, клапатлівага, стараннага чалавека. Гэта .. быў узор рупліўца на ніве народнага мастацтва, самаахвярнага барацьбіта за яго ўздым. Ліс.
руплі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які імкнецца зрабіць як мага больш і лепш; дбайны. Быў .. [бацька Сушкевіча] чалавек руплівы, дбайны, любіў усюды бачыць парадак, любіў, каб усё было зроблена ў свой час і акуратна. Дуброўскі. [Лукашу], рупліваму і гаспадарліваму, хацелася хутчэй пачынаць уборку [у калгасе]. Кавалёў. // Клапатлівы, старанны. Дзеду хацелася есці. Зняў з-за плячэй стрэльбу, паляўнічую торбу, куды бабка Наста рупліваю рукою палажыла паўбахана хлеба і кавалак .. сала. Колас. Даніла Платонавіч спыніўся непадалёку і з любоўю сачыў за руплівай працай дзяцей. Шамякін.
ру́пнасць, ‑і, ж.
Тое, што і руплівасць. Бацька заўважыў: усё, за што б сын ні ўзяўся, робіць без ахвоты, без цікавасці, без той рупнасці, якая так яму ў Міці падабалася. Навуменка. Можна з пэўнасцю сказаць, што ніколі дасюль у паэзіі не ўзнікала столькі рупнасці за лёс чалавека і чалавецтва, столькі хваляванняў аб сягонняшнім і заўтрашнім, столькі думак, якія прыходзяць ад ведання жыцця Радзімы і планеты. Лужанін.
ру́пны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і руплівы. «Такі ўжо рупны, — падумаў Бяньчук пра Васіля, — не паспеў адаспацца з дарогі і, глядзі, у заработках ужо». Гроднеў. Рупная пчала ўмее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. Рупная праца беларускіх перакладчыкаў.. добра сведчыць пра творчую сталасць нашай літаратуры. У. Калеснік. Дзякуй рупным рукам, што заўжды ў мазалях, без якіх каласам не звінець у палях! А. Вольскі.