румы́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Румыніі, румын, належыць ім. Румынская мова. Румынская Народная Рэспубліка.
румы́ны, ‑н; адз. румын, ‑а, м.; румынка, і, ДМ ‑нцы; мн. румынкі, ‑нак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Румыніі.
румя́нак, ‑нку, м.
Разм. Тое, што і румянец. Калі Аленка зірнула на памяты канверцік .., то сэрца яе забілася, як пташка ў клетцы, а шчокі румянкам загарэліся. Колас.
румя́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць румянага. Румянасць твару.
румянатва́ры, ‑ая, ‑ае.
З румяным тварам. Цётка Глаша, румянатварая высокая жанчына, стаяла на пероне з плашчом у руках. Гамолка.
румя́нец, ‑нцу, м.
1. Ружовы ці ярка-чырвоны колер твару. Перада мной стаяла вясёлая, гаваркая жанчына са здаровым румянцам на абветраных шчоках. Бажко. // Чырвань ад прыліву крыві да твару. Румянец збянтэжанасці і сарамлівасці нечакана заліў шчокі хлопца. Гарбук.
2. перан.; чаго. Разм. Ружовая ці ярка-чырвоная афарбоўка, асвятленне неба пры ўзыходзе сонца. Кожны дзень цвіце на небе Маладой зары румянец. Хадыка.
румяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца румяным; чырванець. У дзеда шчокі румянеюць, У дзеда вочы весялеюць. Колас.
румя́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
1. Пакрывацца румянцам (у 1 знач.); чырванець. Твар румяніцца дзявочы, І бярозкай гнецца стан... Гурло.
2. Пакрываць твар румянамі; фарбавацца. Жанчына румяніцца.
3. Набываць чырвоны колер, адценне, чырванець. Над полем, Над сасоннікам, Над гаем Румяніцца вячэрняя зара. Свірка. Да раніцы над мястэчкам румянілася патрывожанае неба. Паўлаў. // Падсмажваючыся, пакрывацца залаціста-карычневай скарыначкай; запякацца. Пірог пачаў румяніцца. □ Смажаная на зборы бульба румянілася хрумсткімі скрылікамі на вялікай патэльні. Новікаў.
румя́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.
1. Выклікаць румянец на твары, шчоках. А новы дзень румяніць людзям шчокі, Бо з сонцам пачынаюць дзень. Тармола. Ты думаеш аб сярдзітых завірухах, якія так прыгожа румяняць шчокі і бадзёраць падарожнік... Якімовіч.
2. Пакрываць румянамі (твар, шчокі). Румяніць твар.
3. Рабіць чырвоным, пакрываць румянцам (у 2 знач.). Румяніць возера зара. Смагаровіч.
румя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Стэпавая двухгадовая расліна сямейства бурачнікавых з цвёрдымі шурпатымі лістамі і пурпурнымі кветкамі.