ну́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Невясёлы, маркотны. Абарваны, расхлістаны, стаяў на скрыжаванні выгнаны рабочы.. Стаяў ён, нізка апусціўшы галаву, нудны, як сама доля людская. Колас. Гэля шчыльна прытулілася напудранаю.. шчакою да разгарачанага твару Рыгора.. — А чаму ты нудны такі? Над чым задумаўся-а? Гартны.
2. Які наганяе нуду; выклікае тужлівы настрой. Па бляшаным даху барабаніў дождж, роўны асенні дождж, нудны, як і гэтая цішыня. Няхай. Надышла восень. Поле зрабілася шэрае, нуднае. Бядуля. // Нецікавы. Першыя старонкі [кніжкі], дзе расказвалася пра хлопцаў-паляўнічых, паказаліся Андрушку нуднымі. Лобан. // Поўны нуды, тугі. Не шумі ты, лес высокі, Нудных песень не спявай. Колас.
3. Які не перастае, трывожыць бесперастанку (пра боль і інш.). Страшэнна балела галава, нылі нудным болем рукі і ногі. Чарнышэвіч. Мучыла смага, адчувалася, што з болем і нудным патузваннем растуць губы, шчокі, нос. Кулакоўскі.
нудо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.
Разм.
1. Тое, што і нуда (у 1, 3 знач.). Па.. [Язэпку] напала такая нудота, што хацелася кінуць-рынуць усё ды бегчы без аглядкі. Якімовіч. Серафіме думалася, што стары тырчыць тут на кухні ад нудоты, нават замінае ёй сваімі роспытамі. Сабаленка. Лес плакаў па сонцы і леце. Асенняя пустэча і нудота былі і тут. Хомчанка.
2. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Адчуваючы стомленасць, боль у зацёкшай параненай назе, нудоту ад выкураных самакрутак, Сяргей складваў усё напісанае ў стосік. Сіўцоў.