квіта́нцыя, ‑і, ж.
Афіцыйная распіска ў атрыманні ад каго‑н. грошай або іншых каштоўнасцей. Паштовая квітанцыя. Квітанцыя на абутак. Атрымаць рэчы па квітанцыі.
[Іт. quitanza.]
квіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Расквітвацца, разлічвацца. Як мне прыемна праз пісьмо дазнацца, Што ты, мой бацька, зараз партызан, Што ты рашыў з чужынцамі квітацца І не сагнуў пакорліва свой стан. Астрэйка.
квітне́нне, ‑я, н.
1. Стан паводле знач. дзеясл. квітнець; цвіценне.
2. Тое, што і квецень. Чаромха над ракою зацвіла, Страсаюць снег свайго квітнення вішні. Ляпёшкін.
квітне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Паэт. Распускацца, расцвітаць (пра кветкі). Пралескі пачалі квітнець І зелянець паляны. Смагаровіч. // Мець кветкі, быць у пары цвіцення; цвісці. Квітнее бэз. □ Квітнеюць сады. Палі і лугі ператварыліся ў стракатыя каляровыя дываны. В. Вольскі.
2. перан. Паспяхова развівацца, знаходзіцца ў спрыяльных для развіцця ўмовах; працвітаць. Квітнее прамысловасць. Квітнее культура. □ Квітней, сталіца ўсіх сталіц — Васьмівяковая Масква! Калачынскі.
3. перан. Быць здаровым, прыгожым; знаходзіцца ў стане росквіту. Жанчына квітнее. □ [Данута] адчувала сябе, відаць, выдатна, бо аж уся квітнела. Карпюк. // Станавіцца радасным, прыгажэць. Усім падабалася і ўсе хвалілі. Сяргей проста квітнеў ад задавальнення. Яму яшчэ не даводзілася так апранацца. Машара.
квітне́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад квітнець.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане росквіту; пышны, прыгожы. Квітнеючы край.
3. Дзеепрысл. незак. ад квітнець.
квіто́к, ‑тка, м.
Разм. Квітанцыя, талон. Выпісаць квіток. □ Пятрок жа думаў: «Каб хутчэй узяць гэты квіток на дровы ды ехаць дадому». Чорны.
квіты́, у знач. вык.
Разм. Разлічыліся, расквіталіся. — Апошні воз бульбы, Андрэй Дзям’янавіч, у лік плана адправіў на нарыхтоўчы пункт. З дзяржавай мы квіты. Хадкевіч. — Вазьміце граду, а то і дзве з нашага агарода за хатай, і будзем квіты, — прапаноўвалі адзін перад адным памяркоўныя хлопцы, але стары ўпарта стаяў на сваім. Пальчэўскі.