Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грэ́бля, ‑і, ж.

Насціл з бярвення або галля для пераезду цераз балота, гразкае месца; гаць. Рота неўзабаве падыходзіла да балота, праз якое цягнулася грэбля. Мележ. Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масціць грэблі. Якімовіч. // Насыпная дарога цераз нізкія балоцістыя мясціны.

грэ́бнік, ‑у, м.

Аднагадовая або шматгадовая кармавая расліна сямейства злакавых. Грэбнік звычайны.

грэ́бці і грабці́, грабу, грабеш, грабе; грабём, грабяце; пр. гроб, грэбла і грабла, грэбля і грабло; незак., каго-што.

1. Збіраць, зграбаць у кучу граблямі, віламі і пад. (звычайна пра сена). Вяскоўцы на беразе косамі звоняць, Сена сухое дзяўчаты грабуць. А. Александровіч.

2. Працаваць рукамі або вёсламі, плывучы, едучы ў лодцы. Пакуль шынель не намок, Чыжык яшчэ трымаўся на паверхні. Потым яго пацягнула на дно. Левая рука чамусьці зусім анямела, і ён гроб толькі правай рукой. Няхай. Цішэй грабіце, — закамандаваў Лёнька, — каб човен не пабіць. Савіцкі.

3. Капаць, разграбаць. Стаенны прыгажун захроп,.. павёў вушамі і пачаў грэбці нагою зямлю. Кулакоўскі. Спыніўся я на міг — Няма ні палісадніка, ні хаты, І экскаватар, грузны і рукаты, Грабе пясок каля бяроз маіх. Бураўкін.

4. перан. З прагнасцю браць, захопліваць сабе. Нікому добрага Клім не зрабіў за век, Адно — гроб пад сябе, шукаў адной выгоды. Валасевіч. [Скіба:] Жывёлу забіраюць, хлеб... Што на вока трапіць, то і грабуць. Крапіва. // Хапаць, браць каго‑н. куды‑н. Паліцыянты, бадай, кожную ноч грабуць людзей ды ў астрог запраторваюць. Сабаленка.

•••

Грэбці грошы лапатай — мець вялікія даходы, атрымліваць многа грошай.

грэ́бціся і грабці́ся, грабуся, грабешся, грабецца; грабёмся, грабяцеся; пр. гробся, граблася і граблася, грэблася і граблося; незак.

1. Капацца, разграбаць што‑н. лапамі, пальцамі. Пасярод вуліцы заклапочана грабецца вялізны певень з чарадою кур — шукаюць спажывы. Палтаран. [Мацевіха] была на полі. Юрка гробся ў зямлі побач з ёю. Чорны.

2. Разм. Плысці, пасоўвацца, грабучы чым‑н. Грэбціся да берага. □ Павольна адзінокі параходзік Грабецца супраць круталобых хваль. Блатун. // перан. Імкнуцца да чаго‑н., пераадольваючы цяжкасці. — Не ў мае пяцьдзесят пяць год такую прамудрасць засвойваць, няхай ужо сыны мае.. на гэту справу грабуцца. Лынькоў.

3. Зал. да грэбці (у 1 знач.).

грэ́йдэр, ‑а, м.

1. Прычапная або самаходная землярыйная машына з адвалам для выраўноўвання палатна грунтавой дарогі, планіроўкі адхонаў, пракладкі канаў і пад.

2. Разм. Грэйдэрная дарога.

[Англ. grader.]

грэ́йдэрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да грэйдэра. Грэйдэрны адвал. // Зроблены пры дапамозе грэйдэра. Грэйдэрная дарога.

грэйдэры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Рабочы на грэйдэры.

грэйпфру́т, ‑а, М ‑руце, м.

1. Паўднёвае вечназялёнае цытрусавае дрэва сямейства рутавых.

2. Гаркавата-салодкі пахучы плод гэтага дрэва круглай або авальнай формы.

[Англ. grape-fruit.]

грэ́йфер, ‑а, м.

Чарпак пад’ёмнага крана, які складаецца з некалькіх створак, што механічна раскрываюцца і закрываюцца пры пагрузцы зямлі, вугалю і пад.

[Ням. Greifer.]

грэ́йферны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да грэйфера. Грэйферны кран. Грэйферны пагрузчык.