Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грыбны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да грыба, грыбоў, уласцівы ім. Грыбны пах. Грыбная пара. // Багаты на грыбы. Грыбны лес. Грыбное лета. □ Баравічкі мае любыя! Якою слаўнаю сям’ёю Вы ўстаяце перада мною! Я помню летнія часіны І вас, грыбныя баравіны! Колас. // Прыгатаваны з грыбоў, з грыбамі. Грыбны суп. Грыбная ікра.

грыбо́вішча, ‑а, ж.

Разм. Месца ў лесе, дзе грыбы вырастаюць сем’ямі. Грыбы па бацькавых грыбовішчах раслі вялікія, з тоўстымі ядранымі каранямі і белыя-белыя, як сыр. Сачанка.

грыбо́к, ‑бка, м.

1. Памянш. да грыб (у 1, 2 знач.).

2. Назва некаторых паразітных грыбоў. Грыбок выклікаў захворванне скуры.

3. Збудаванне ў форме грыба для адпачынку, сховы ад дажджу, сонца і пад. Ада прапанавала Антону сесці пад грыбок, навідавоку. Пальчэўскі. На праезджых дарогах .. [ляснік] пабудаваў грыбкі для адпачынку пешаходаў. Шчарбатаў.

гры́ва, ‑ы, ж.

1. Доўгія валасы на шыі некаторых жывёл. Конская грыва. Львіная грыва. // Разм. пагард. Пра доўгія валасы ў чалавека.

2. Прадаўгаватае ўзвышша, парослае лесам або травой. Дняпро плыве ўдалеч за грывы лясныя, у стэпе казацкім іскрыцца, як мора. Вялюгін. // перан.; чаго. Пра ўсё, што нагадвае сабой доўгія распушчаныя валасы. Грыва чорнага дыму. □ Цягнуцца па цячэнню грывы водарасцяў — зялёныя, сакавітыя. Карпюк.

•••

І ў хвост і ў грыву гл. хвост.

грыва́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З вялікай грывай (у 1 знач.). Чуваць было вызвоньванне званочкаў, якімі былі абвешаны грывастыя шыі чорных коней. Пестрак. З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. // Падобны на грыву, у форме грывы. Праз белае воблака пары прабіўся агонь і грывасты слуп чорнага дыму. Лынькоў.

грыгарыя́нскі, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з новай сістэмай летазлічэння, якую ўвёў у 1582 г. папа Грыгорый XIII замест юліянскай сістэмы, або т. зв. старога стылю. Грыгарыянскі каляндар.

[Лац. Gregorianus.]

грыдзь, ‑і, ж., зб.

Гіст. Малодшая княжацкая дружына ў Старажытнай Русі. // Член гэтай дружыны.

гры́дніца, ‑ы, ж.

Гіст. Памяшканне пры княжацкім двары ў Старажытнай Русі, дзе жыла грыдзь або прымалі гасцей.

гры́жа, ‑ы, ж.

Хвароба, якая характарызуецца выхадам унутранага органа за межы поласці, у якой ён знаходзіцца, праз натуральную ці ненатуральную адтуліну ў гэтай поласці. Грыжа жывата. Грыжа мозга.

гры́жавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да грыжы. Грыжавая адтуліна. Грыжавая павязка.