Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грубія́н, ‑а, м.

Чалавек грубы і дзёрзкі ў адносінах да другіх. У думках зазначыў сам сабе, што я сказаў нядобра: не трэба быць такім грубіянам. Колас.

грубія́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Гаварыць грубасці, некультурна абыходзіцца з кім‑н. [Юрка] не вырваўся, не пачаў, як звычайна, грубіяніць, а сцішыўся, і, кусаючы губы, замёр. Карпаў. — Што хачу, тое і раблю. На тое я і гаспадар, — грубіяніў і абражаў палясоўшчыка Андрэй Полаз. Сачанка.

грубія́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да грубіян.

грубія́нскі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы грубіяну. Грубіянскі ўчынак.

грубія́нства, ‑а, н.

Разм. Паводзіны, учынкі грубіяна. Змагацца з грубіянствам. Не дапускаць грубіянства.

гру́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Дзе-нідзе курыўся дым: паліліся грубкі, каб сагрэцца людзям у калядны марозны вечар. Каваль. Маша адышла, прытулілася плячамі да гарачай грубкі. Шамякін.

гру́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, тоўсты. Лавы з грубых дошак. □ Калі ўспыхвае пражэктар і ярка асвятляе яе твар, людзі бачаць, што левая шчака яе зрэзана грубымі шрамамі. Шчарбатаў. // Які складаецца з асобных частак, элементаў вялікага памеру. Бубновіч была ўжо сталая жанчына з грубым тварам і вялікімі рукамі. Карпюк.

2. Цвёрды, каляны, шурпаты на дотык. Грубая шэрсць. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. Рукі [Мікодым] меў вузлаватыя і грубыя, рукі чалавека, які працаваў некалі на цяжкай працы. Машара.

3. Проста зроблены, недасканала або няўмела апрацаваны. Грубая мэбля. □ Я прывык пісаць і есці За сталом бацькоўскім, грубым. Панчанка. // Недастаткова тонкі, няўмелы. Грубая работа.

4. Няветлівы, некультурны, рэзкі. Грубае абыходжанне. Грубае слова. □ [Гарлахвацкі:] Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Крапіва. Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Чарнышэвіч.

5. Рэзкі, непрыемны на слых (пра гукі, голас і пад.). Тады пачуўся сярдзіты, грубы голас: — Ну хто там яшчэ? Мікуліч.

6. Не зусім дакладны, прыблізны. Грубы падлік. Грубая ацэнка магчымасцей.

7. Які выходзіць за межы элементарных правіл, заслугоўвае асуджэння. Грубая памылка. Грубае парушэнне законнасці.

8. ‑ая. Абл. Цяжарная (пра жанчыну). — Нікому ж толькі не кажы .. Яна ж ужо грубая. Баранавых.

•••

Грубая ежа гл. ежа.

Грубыя кармы гл. корм.

грува́сткасць, ‑і, ж.

Уласцівасць грувасткага. Грувасткасць мэблі.

грува́сткі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі вялікі, грузны, масіўны. Першыя радыёпрыёмнікі былі з ладны чамадан, вялікія і грувасткія. Шыловіч.

грува́сціцца, ‑ціцца; незак.

Узвышацца бязладнай кучай. Тырчэлі абгарэлыя рэбры нейкіх машын, грувасціліся груды шчэбеню і бітай цэглы. Хадкевіч.