Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

глуханемата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

Адсутнасць слыху і здольнасці гаварыць.

глуханямы́, ‑ая, ‑ое.

Пазбаўлены слыху і здольнасці мовы. Глуханямое дзіця. // у знач. наз. глуханямы́, ‑ога, м.; глуханяма́я, ‑ой, ж. Пра чалавека, пазбаўленага слыху і здольнасці гаварыць. Школа для глуханямых.

глу́хасць, ‑і, ж.

Уласцівасць глухога. Звонкасць і глухасць зычных гукаў.

глухата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.

1. Поўная або частковая адсутнасць слыху. Не хапала паветра, сэрца стукала так, што аж у вушах з’явілася глухата. Рылько.

2. Разм. Нямая цішыня. Гасцінец быў убаку, а хвойнік пачынаўся проста над балотам. Глухата і вільгаць здаровай ночы! Чорны.

глухі́, ‑ая, ‑ое; глух, ‑а.

1. Часткова або поўнасцю пазбаўлены слыху; няздольны чуць. Глухі на адно вуха. □ Як ем, дык глух і нем. Прымаўка. // у знач. наз. глухі́, ‑ога, м.; глуха́я, ‑ой, ж. Пра чалавека, пазбаўленага слыху. Жылі ў адной вёсцы сляпы, глухі і бязногі. Якімовіч. Глухі не дачуе, дык прыдумае. Прымаўка. // перан. Неспагадлівы, нячулы, раўнадушны. Жанчына жыла толькі .. [дзіцем], глухая да навакольнага. Карпаў.

2. Невыразны, нязвонкі, прыглушаны. Глухі голас. Глухія выбухі. □ Прызвычаенае вуха інжынера пачула.. глухі перастук колаў, водгукі рэха, якое кацілася над палямі. Лынькоў. // Які вымаўляецца без удзелу голасу (пра гукі). Глухі зычны. // перан. Затоены, невыразны. Між сялян пайшла глухая гаворка, у якой чулася нейкая трывога і страх. Колас. Не патрэбна ні скарг, ні скрухі, ні глухіх нараканняў на лёс. Глебка.

3. Густы, цёмны, непраходны. Наўкол глухія хмызнякі — Сынок малы ад жалю плакаў, Калі ў піліпаўку ваўкі Заелі сёмага сабаку. Арочка.

4. Які знаходзіцца ў глушы, далёка ад населеных месц; далёкі ад жыццёва важных цэнтраў. Глухая вёска. □ Калісьці гэткі цёмны і глухі, Мой родны кут, сягоння ты ў агнях. Смагаровіч. // Пустынны, бязлюдны. Глухі завулак. Глухая дарога.

5. перан. Такі, калі спыняецца рух, замірае жыццё; глыбокі, позні. Глухая поўнач. Глухая восень.

•••

Глухая крапіва гл. крапіва.

Глухая сцяна гл. сцяна.

Глухія дзверы гл. дзверы.

Глухое акно гл. акно.

Глухі як пень — зусім глухі.

глухме́нь, ‑і, ж.

Разм.

1. Глуш, глухамань. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень. Колас.

2. перан. Цішыня. У лесе глухмень. Ціха ў бары. Колас.

глу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тлух, ‑ла; незак.

1. Траціць здольнасць чуць, станавіцца глухім. Глухнуць ад выбухаў.

2. Заціхаць, станавіцца нячутным (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. // Пераставаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы). Матор глухне.

3. Зарастаць, дзічэць. Пасевы глухнуць ад пустазелля.

4. перан. Паступова слабець або знікаць. З цягам часу пачуцці глухнуць. // Прыціхаць, канчацца. Бой глухне. □ За тыдзень добрае пагоды Праходзіць, глухне касавіца. Колас.

глуш, ‑ы, ж.

1. Густа зарослы ўчастак лесу. Перасяляюцца штодня з глушы Лясной К нам ліпы ў мінскія алеі. Астрэйка. Пайшоў мядзведзь па лесе, Далёка ў глуш залез.. Журба.

2. Аддаленае ад паселішчаў пустыннае месца. А раней тут была глуш. Шэсцьдзесят кіламетраў трэба было ехаць на балаголы, каб трапіць на адну з бліжэйшых чыгунак. Ермаловіч. // Аддалены ад культурных цэнтраў населены пункт; захалусце. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы. Каваленка.

3. Позняя, глухая пара; цішыня. Глуш начы разлеглася шматвёрстая, Не чуваць гамонкі анідзе. Панчанка.

глуша́к, ‑а, м.

Абл. Глухі чалавек, глушэц (у 2 знач.). — Ат, глушак! — шапнуў Данік на Лявона, і вось яны стаяць моўчкі. Брыль.

глушцо́ў, ‑ова.

Які належыць глушцу. Глушцова такаванне. □ Глушцовым пер’ем тут І мох І ліст прапах. Куляшоў.