Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

глыб, ‑і, ж.

Тое, што і глыбіня. У глыбі лясоў цецерукі Ужо зачыналі свае токі. Колас.

глы́ба, ‑ы, ж.

Вялікі бясформенны кавалак, абломак цвёрдага цела. Гранітная глыба. Глыба лёду. □ Летні сад над Нявою, агні над Фантанкай, Медны коннік на глыбе, залочаны шпіль... Звонак.

глыбакаво́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Глыбокі і паўнаводны. Глыбакаводны канал.

2. Які жыве або знаходзіцца глыбока ў вадзе. Глыбакаводныя рыбы. □ У Чорным моры няма глыбакаводнай доннай фауны. «Маладосць».

3. Які мае адносіны да вывучэння фізічных уласцівасцей і арганічнага жыцця на вялікіх глыбінях (у 2 знач.). Глыбакаводныя даследаванні. // Прызначаны для работы на вялікай глыбіні. Глыбакаводныя поршневыя помпы.

глыбакаду́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць глыбакадумнага.

глыбакаду́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выказвае глыбокія думкі; удумлівы, праніклівы. Глыбакадумны пісьменнік. // Поўны глыбокіх, важных думак. Глыбакадумны даклад.

2. Уласцівы ўдумліваму, пранікліваму чалавеку; засяроджаны. Глыбакадумны выгляд.

глыбачэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі глыбокі. Дактары і сёстры франтавых шпіталяў, якія ўсяго пабачылі за вайну, глядзелі на вялікую, глыбачэнную рану, .. і толькі галовамі ківалі. Палтаран.

глыбе́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. глыбокі.

глыбе́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца больш глыбокім. Снежная яма ля кабіны хутка глыбела і расшыралася. Кулакоўскі. // Мацнець, пашырацца (пра пачуцці і інш.). Праўду кажуць, пачуцці ў маўчанні глыбеюць. Лужанін.

глыбі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Далёкія ад цэнтра населеныя пункты. / у вобразн. ужыв. Дагэтуль ён [мядзведзь] жыў сабе Недзе ў глыбінцы, Займаўся чым можна, Каб смутку пазбыцца. Калачынскі.

глыбі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на вялікай глыбіні (у 2 знач.). Глыбінныя рыбы. // Які дзейнічае на вялікай глыбіні. Глыбінная бомба. // Які праводзіцца на вялікай глыбіні. Глыбінная лоўля.

2. Які знаходзіцца ў глыбіні краіны, вобласці і пад. Вёска была глыбіннай — за цэлых сорак кіламетраў ад чыгункі. Навуменка.

3. Які выражае сутнасць, унутраны змест чаго‑н.; істотна важны. Раскрыць глыбінныя працэсы ў літаратуры. // Скрыты, патаемны. Глыбінныя жаданні.