Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

глікаге́н, ‑у, м.

Жывёльны крухмал, які ўтвараецца з цукру крыві ў печані і мышцах.

[Ад грэч. glykos — салодкі і genos — узнікненне.]

глі́на, ‑ы, ж.

Асадкавая горная парода, вязкая ў вільготным стане, якая ляжыць на паверхні зямлі або пад глебай (скарыстоўваецца для ганчарных вырабаў, будаўнічых і скульптурных работ).

•••

Белая гліна — тое, што і каалін.

Змяняць гаршкі на гліну гл. змяняць.

глінабі́тны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з моцна ўтрамбаванай гліны, звычайна перамешанай з дробна насечанай саломай або галлём. Глінабітныя сцены. Глінабітная печ.

гліназём, ‑у, м.

Вокіс алюмінію (скарыстоўваецца ў тэхніцы для атрымання алюмінію, прыгатавання вогнетрывалых матэрыялаў і пад.).

гліназёмісты, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе гліназём; з гліназёмам. Гліназёмісты цэмент.

гліназёмны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гліназёму. // Прызначаны для перапрацоўкі гліназёму. Гліназёмны завод.

глі́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з гліны, мае ў сабе прымесь гліны. Гліністая глеба. Гліністы раствор. Гліністае дно сажалкі.

2. Колерам падобны на гліну. Сустракаюцца гусі з жоўтым, гліністым апярэннем.

глі́нішча, ‑а, н.

Месца здабычы гліны. Пніцкі.. палез з рыдлёўкаю ў раскапанае глінішча. Чорны.

глінтве́йн, ‑у, м.

Гарачы напітак з чырвонага віна, пракіпячонага з цукрам і вострымі прыправамі.

[Ням. Glühwein.]

гліня́ны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з гліны. Гліняная ліса. □ Гліняныя свісцёлачкі Нясуць два ганчары. Куляшоў. // Пакрыты, высланы слоем гліны. Гліняны ток. Гліняная падлога.

•••

Калос на гліняных нагах гл. калос.