глухі, ‑ая, ‑ое; глух, ‑а.

1. Часткова або поўнасцю пазбаўлены слыху; няздольны чуць. Глухі на адно вуха. ▪ Як ем, дык глух і нем. Прымаўка. // у знач. наз. глухі, ‑ога, м.; глухая, ‑ой, ж. Пра чалавека, пазбаўленага слыху. Жылі ў адной вёсцы сляпы, глухі і бязногі. Якімовіч. Глухі не дачуе, дык прыдумае. Прымаўка. // перан. Неспагадлівы, нячулы, раўнадушны. Жанчына жыла толькі .. [дзіцем], глухая да навакольнага. Карпаў.

2. Невыразны, нязвонкі, прыглушаны. Глухі голас. Глухія выбухі. ▪ Прызвычаенае вуха інжынера пачула.. глухі перастук колаў, водгукі рэха, якое кацілася над палямі. Лынькоў. // Які вымаўляецца без удзелу голасу (пра гукі). Глухі зычны. // перан. Затоены, невыразны. Між сялян пайшла глухая гаворка, у якой чулася нейкая трывога і страх. Колас. Не патрэбна ні скарг, ні скрухі, ні глухіх нараканняў на лёс. Глебка.

3. Густы, цёмны, непраходны. Наўкол глухія хмызнякі — Сынок малы ад жалю плакаў, Калі ў піліпаўку ваўкі Заелі сёмага сабаку. Арочка.

4. Які знаходзіцца ў глушы, далёка ад населеных месц; далёкі ад жыццёва важных цэнтраў. Глухая вёска. ▪ Калісьці гэткі цёмны і глухі, Мой родны кут, сягоння ты ў агнях. Смагаровіч. // Пустынны, бязлюдны. Глухі завулак. Глухая дарога.

5. перан. Такі, калі спыняецца рух, замірае жыццё; глыбокі, позні. Глухая поўнач. Глухая восень.

•••

Глухая крапіва гл. крапіва.

Глухая сцяна гл. сцяна.

Глухія дзверы гл. дзверы.

Глухое акно гл. акно.

Глухі як пень — зусім глухі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)