Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вяско́ўка, ‑і, ДМ ‑уцы; Р мн. ‑ковак; ж.

Жан. да вясковец.

вясло́ 1, ‑а; мн. вёслы, вёсел; н.

Лопасць з доўгім дзяржаннем, прызначаная для веславання. Дзесь ціха праплыве лодка, плясне вясло, пачуецца стрыманы смех. Васілевіч. А няма ні лодкі, ні парома, Ні абломка слізкага вясла. Пысін.

вясло́ 2, ‑а; мн. вёслы, вёсел; м.

Нізка аднародных прадметаў. Вясло абаранкаў.

вясля́р, весляра, м.

Той, хто вяслуе. Славік, не дужа натрэніраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасці даволі моцнай плыні ракі. Шамякін.

вясля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да веславання. Вяслярны спорт.

вясна́, ‑ы; мн. вёсны, вёсен; ж.

1. Пара года паміж зімой і летам. Прайшла зіма, вясна настала. Колас.

2. перан. Пра светлую радасную пару жыцця; маладосць. Вясна чалавецтва.

вясно́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і веснавы.

вясно́й і вясно́ю, прысл.

У час вясны. Люблю пазіраць я На поле вясной, Як ветрык жартліва Плыве збажыной. Колас. Вясною тут да позняе пары на скібы глебу крояць трактары. А. Вольскі.

вясну́шкаваты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты вяснушкамі, з вяснушкамі. Вяснушкаваты твар. □ Кірпатая, вяснушкаватая дзяўчына ў чырвонай касынцы чытала кніжку. Карпаў.

вясну́шкі, ‑шак; адз. вяснушка, ‑і, ДМ ‑шцы; ж.

Пігментныя плямкі карычневага або жоўтага колеру (пераважна на твары), якія з’яўляюцца ў некаторых людзей вясной. На худзенькім і бледным тварыку павыступалі вяснушкі. Карпюк.

вясня́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Абрадавая веснавая песня. Дзяўчаты хорам спявалі «вяснянкі». Колас.

2. Абл. звычайна мн. (вясня́нкі, ‑нак). Тое, што і вяснушкі. І шчокі і кірпаты нос былі ўсеяны такім мноствам вяснянак, што, калі твар трапляў пад сонца, здавалася, ён, успыхваў, як касцёр. Лынькоў.

3. Насякомае атрада сятчастакрылых.

4. Аднагадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных.