ву́стрычны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вустрыцы. // Звязаны з развядзеннем і здабычай вустрыц. Вустрычны промысел.
ву́сце, ‑я, н.
1. Месца ўпадзення ракі (у мора, возера); участак ніжняга цячэння ракі.
2. Выхадная адтуліна чаго‑н., выхад. Вусце ствала шахты. □ Удвух з Андрэем неслі яны сетку на бераг, трымаючы вусцем угору, і, толькі адышоўшыся далей ад вады, перавярнулі яе кулём на дол. Колас.
ву́сцевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вусця (у 1 знач.). Вусцевая мель.
ву́сцейка, ‑а, н.
Невялічкая адтуліна на лістах і сцяблах раслін для газаабмену і выпарэння.
ву́сцілка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Подсцілка з тонкай скуры, кардону, палатна ў абутку, да якой прымацоўваецца падэшва. Я сапраўды баяўся падымаць ногі, каб не паказаць пратаптаных да вусцілкі чаравікаў. Лужанін.
ву́сцілкавы, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для вусцілак. Вусцілкавая скура. Вусцілкавы кардон.
ву́сціш, ‑у, м.
Абл. Вусцішнасць. Галодныя каровы гвалтам Будзілі вусціш веснавы. Глебка.
ву́сцішна,
Разм.
1. Прысл. да вусцішны. Лёгкі ранішні ветрык калыхаў загоны жыта,.. і яно ільснілася, выгіналася і роўна, вусцішна гуло. Сачанка.
2. безас. у знач. вык. Страшна, жудасна. [Стары:] — І да таго стала вусцішна, апанаваў такі жах, што і выказаць вам нельга. Пальчэўскі. Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк.. вусцішна. Брыль.
ву́сцішнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць вусцішнага; цішыня, спакой. Лес поўніўся такой вусцішнасцю, што хацелася, як малому, дурасліва паваліцца ў снег ці закрычаць на ўвесь свет! Мележ.
ву́сцішны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Ціхі, спакойны. Апейка, едучы маўклівым, вусцішным лесам, доўга і радасна думаў. Мележ.
2. Страшны, жудасны. Вусцішная паныласць стаяла ў хаце. Марціновіч.