паддава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце.
Незак. да паддаць.
падда́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да паддакнуць.
падда́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
Разм. Тое, што і падтакнуць.
паддаміна́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.
У музыцы — чацвёртая ступень у гаме, верхняя кварта.
падда́нніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які ўласцівы, падыходзіць падданаму. Падданніцкая залежнасць. Падданніцкі абавязак. // Які накладваецца на падданых. Падданніцкая павіннасць.
падда́нства, ‑а, н.
Прыналежнасць грамадзянін да пэўнай дзяржавы, паняцце ўласцівае феадальнаму і буржуазнаму праву. // Уст. Падпарадкаванне каму‑н. Быць у поўным падданстве.
падда́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паддаць (у 1, 2 і 5 знач.).
падда́ны 2, ‑ага, м.
Асоба, якая знаходзіцца ў падданстве якой‑н. дзяржавы. Французскі падданы. □ Пачалася вайна, і Гушка як падданы Расіі павінен адпраўляць на фронт свайго сына. Пшыркоў. // Уст. Асоба, якая падпарадкуецца каму‑н., залежыць ад каго‑н. У маёнтку сваім, У зялёным бары Дзень у дзень пан Міхайла Падданых судзіў. Бядуля.
паддаўкі́, ‑оў; адз. няма.
Разм. Гульня ў шашкі, у якой выйгравае той, хто хутчэй аддасць усе свае шашкі праціўніку. Гуляць у паддаўкі.
падда́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; зак.
1. каму-чаму і без дап. Уступіць знешняму ўздзеянню, націску, напору і пад. Дрэва паддалося вострай піле. □ Грыша пастукаў у дзверы галоўнага ўрача — ніхто не адгукнуўся, штурхнуў далонню — не паддаліся. Місько. // чаму. Змяніцца пад знешнім уздзеяннем. Расліны паддаліся скрыжаванню. Метал паддаўся апрацоўцы. // перан.; на што, чаму. Паверыць, згадзіцца з чым‑н. Паддалася нарэшце [Назарыха] ўгаворам. Прадала хату. Б. Стральцоў. Няхай сабе Міха брэша што хоча, а Юрка не паддасца на правакацыю і не палезе першы ў бойку. Паслядовіч. // чаму. Мець уласцівасці, якія неабходны для ажыццяўлення якога‑н. дзеяння. Паддацца расшыфроўцы. Паддацца вымярэнню.
2. каму і без дап. Уступіць у барацьбе, спаборніцтве і пад. Не паддацца ворагу. □ Ведае Сомік, што сам вінават, а паддацца бабе не хоча. Як гэта, каб яе верх быў? Крапіва. Сам.. [брыгадзір] працаваў, як вол, і мы стараліся не паддацца. Савіцкі. // каму-чаму. Падпасці пад уладу, уплыў людзей, знешніх абставін і пад. Паддацца дрэннаму ўплыву. □ Чаму я так хутка паддаўся гэтаму Кузю, раблю, што ён загадае, хаджу за ім? Жычка. // перан.; чаму. Падпасці пад уладу, уплыў якіх‑н. пачуццяў, уражанняў, фізічнага ўздзеяння і пад. Паддацца страху. Паддацца паніцы. □ [Рыгор] раптам паддаўся ваяўнічаму настрою. Гартны. А вапельная гара! А Сіняўскі гай... Хіба толькі той не паддасца чарам іх хараства, які ў харастве нічога не кеміць. Колас.
3. каму. Разм. У гульні — спецыяльна даць праціўніку выйграць. Паддацца партнёру.