Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пярэ́бірак, ‑рка, м.

Абл. Ахапак, пласт сена, саломы і пад., набраны граблямі. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель на пярэбірку свежага сена. Дамашэвіч. У адным стозе Іван Касніцкі ўбачыў, што пярэбірак саломы навісае ўніз. Чорны.

пярэ́варацень, ‑ратня, м.

Паводле паданняў — чалавек, які ператварыўся, абярнуўся ў каго‑, што‑н.

пярэ́вітка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Кручаны дубец, лазіна, якой перавіваюць калы ў плоце.

пярэ́дадзень, ‑дня, м.

Час, які непасрэдна папярэднічае якой‑н. даце, з’яве, падзеі. У пярэдадзень Новага года мне трэба было з’ездзіць па справах у раённы цэнтр. Хадкевіч. Пярэдадзень Вялікай французскай рэвалюцыі азнаменаваўся дзейнасцю філосафаў-асветнікаў. Пшыркоў.

пярэ́дадне, ‑я, н.

Тое, што і пярэдадзень. На апошняй старонцы спраўляючы дажынкі, я пярэдадне Леніна параўнаю з крыніцай. Вялюгін.

пярэдне...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «пярэдні», напрыклад: пярэднепаднябенны, пярэднеязычны.

пярэднепаднябе́нны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтвараецца ў пярэдняй частцы паднябення (пра гукі).

пярэднеязы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтвараецца з дапамогай пярэдняй часткі языка (пра гукі).

пярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

Які знаходзіцца, размяшчаецца наперадзе такіх жа або падобных прадметаў; проціл. задні. Пярэднія падводы. Пярэднія колы. □ Пярэднія танкі ўжо гарэлі, заднія іх аб’ехаць не маглі, бо тут былі толькі дзве вузкія пераправы. Чорны. Пярэдняй тройкай заўзята кіраваў дзед Архіп. Лынькоў. Выпускнікі прыадзеліся і з нейкім асабліва радасным пачуццём на сэрцы сядзелі ў пярэдніх радах. С. Александровіч. // Які знаходзіцца ў той частцы, што з’яўляецца перадам. Пярэднія лапы. Пярэднія зубы. // Які ўтварае тую частку прадмета, што звернута ўперад. Пярэдні план сцэны. □ Вялізныя вокны .. былі выразаны ў чатыры рады ў пярэднім фасадзе дома з боку вуліцы. Бядуля. [Рыгор] цвёрдым крокам накіраваўся да пярэдня[й] пляцоўкі вагона. Гартны.

•••

Пярэдні край гл. край ​1.

пярэ́дняя, ‑яй, ж.

Першы пры ўваходзе ў жыллё пакой, дзе пакідаюць верхнюю вопратку. Андрэй памог дзяўчыне ўвайсці ў пярэднюю, потым у адзін з пакояў. Васілёнак. Ні ў пярэдняй, ні ў свяцёлцы, цесна застаўленай сталамі, канапамі, столікамі, нікога не было. Хомчанка.