Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

п’янчу́жка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам; Р мн. ‑жак; м.; ДМ ‑жцы, Т ‑ай (‑аю); Р мн. ‑жак; ж.

Разм. Памянш.-зніж. да п’янчуга.

пянчу́к, пенчука, м.

Невялікі пень. На невысокім пенчуку пры агеньчыку сядзеў чалавек у шэрай суконнай світцы. Якімовіч. Глядзіш — то там, то тут свежы нізкі пянчук. Гартны.

п’я́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; нецвярозы. Быў [Падбярэцкі] сёння з самай раніцы вясёлы і рухавы — недзе ўжо справіўся выпіць, не дома: з дому ён ніколі п’яны не прыходзіў. Пташнікаў. З боку Камароўкі, віхляючыся і матляючы рукамі, плёўся п’яны немец. Новікаў. / у знач. наз. п’я́ны, ‑ага, м.; п’я́ная, ‑ай, ж. На доўгіх лавах у хаце і ў сенцах на зямлі сядзяць п’яныя. Бядуля.

2. Уласцівы захмялелым, нецвярозым людзям. — Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў .. [Манг] ля сябе п’яны голас. Маўр. З-за ельнічку даносілася чужая п’яная песня з выкрыкамі. Мележ.

3. Які прыводзіць да стану ап’янення; п’янкі. Намяшаў.. [цар] тры кубкі віна салодкага з п’яным. Якімовіч. // Які прыводзіць да стану, падобнага ап’яненню. Бэзу кусты сіняву разлілі каля хаты. Водарам п’яным мае патрывожылі сны. Тарас.

•••

З п’яных вачэй гл. вока.

Пад п’яную руку гл. рука.

пянька́, ‑і, ДМ ‑ньцы, ж.

Канаплянае валакно. [Нямко] то плёў лапці, то віў з пянькі путы, то вымайстроўваў якую-небудзь штуку з чачоткі. Кулакоўскі.

пянько́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пянькі. // Выраблены, зроблены з пянькі. Пяньковы пояс. Пяньковыя вяроўкі. □ Жанчына трымала ў левай руцэ аброць з вузлаватым пяньковым повадам. Мележ.

п’яню́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑нюзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. пагард. Тое, што і п’яніца. Прыцягнуўся нарэшце і Паўлюк Гвардыян, старэйшы брат Цімафея Міронавіча Гвардыяна, але — не ў пару яму — зусім нікчэмны, шалапутны мужык — вялікі гультай і п’янюга. Зарэцкі.

п’яню́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад п’яніць.

2. у знач. прым. Які прыводзіць да стану ап’янення; хмельны. Пачалі чарнець спачатку яры, яміны, лагчыны, а потым пачарнеў і ўвесь стэп, дыхнуў вільгаццю, запахла сырой травой і знік п’янючы мядовы водар. Хомчанка.

пярві́чны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца першым, пачатковым звяном якой‑н. арганізацыі; нізавы. Пярвічныя партыйныя арганізацыі.

пярга́, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

Спец. Пылок кветак раслін, сабраны пчоламі, змочаны нектарам, пакладзены імі ў ячэйкі сотаў і заліты мёдам.

пярмя́к,

гл. пермякі.