пульса́р, ‑а, м.
Нябеснае цела, якое дае хуткаперыядычнае выпрамяненне (радыёхвалевага, рэнтгенаўскага ці аптычна-рэнтгенаўскага дыяпазонаў).
[Ад англ. pulse — імпульс.]
пульса́тар, ‑а, м.
Спец.
1. Прыбор, які стварае раўнамерныя імпульсы электрычнага току.
2. Прыбор, машына, якія працуюць з раўнамернымі штуршкамі і перапынкамі.
пульса́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. пульсаваць (у 1 знач.).
пульсі́метр, ‑а, м.
Медыцынскі інструмент для вызначэння скорасці і характару пульсу.
[Ад лац. pulsus — штуршок і mētreō — мера.]
пульсу́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад пульсаваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які працуе, дзейнічае рытмічна, з перыядычнымі зрухамі, зменамі. Пульсуючы струмень. Пульсуючы ток. Пульсуючы рухавік.
3. Дзеепрысл. незак. да пульсаваць.
пульсэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Цёплы рукаўчык, які надзяваецца на руку на тое месца, дзе намацваецца пульс; адпаведная частка рукавіцы, пальчаткі. Калі ўласавец у пілотцы астаўся ў хаце адзін, Наста агледзела, што ў руцэ ў яго белыя пальчаткі, тонкія, з воўны, і трымаў ён іх за пульсэтку, сціснуўшы ў кулаку. Пташнікаў.
пульт, ‑а, М ‑льце, м.
1. Падстаўка для пот. Дырыжорскі пульт.
2. Устаноўка з сістэмы прыбораў, якая дае магчымасць кіраваць на адлегласці работай чаго‑н. Пульт кіравання касмічным караблём. Дыспетчарскі пульт. □ Усімі самымі цяжкімі і адказнымі працэсамі ішло кіраванне з пультаў, тэхніка тут нагадвала проста чарадзейства. Скрыган. Утульна і хітравата падміргвалі кантрольныя лямпачкі на пультах, мякка гулі рэле аўтаматычных лабараторый. Шыцік.
[Ням. Pult.]
пульхне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца пульхным, пульхнейшым, пухлым. У шырокай печы ля парога весела гарэлі дровы, клекаталі.. чыгуны і ўвачавідкі пульхнеў на патэльні жоўты, як паўдзённае сонца, блін. Хадкевіч.
пу́льхны, ‑ая, ‑ае.
1. Мяккі, быццам надзьмуты, пухлы. Пульхныя вусны. □ Саладжавая, некалькі тупая наіўнасць [Шчыгельчыка] застыла на пульхных мяккіх шчоках. Пестрак. Твар.. [Ціхана] распух, стаў бялявы, пульхны. Дуброўскі. // Тоўсты, сыты. Малады Сурвіла — пульхны, выглян[ц]аваны хлопец. Чорны. Чалавек ветліва падаў маленькую, пульхную, як у жанчыны, ручку. Пянкрат.
2. Мяккі, пухкі. А з пшанічнае мукі І выходзіць хлеб такі, Белы, нібы вата, Пульхны, наздраваты. Грахоўскі. Тэкля выцягнула з печы талерку аладачак у смятане, беленькіх і пульхных, і паставіла на стол. Краўчанка. // Лёгкі, пушысты. Снег быў пульхны, і ссоўваць лапатамі яго было няцяжка. Скрыпка. Зямля цёпла пахне, пульхная, адвечна-вільготная. Ермаловіч.
3. Тоўсты, аб’ёмісты, раздуты. Мажэйка паклаў на трыбуну пульхны том даклада, прыціснуў яго кулаком. Асіпенка.
пуля́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Пакладаная адкормленая курыца.
[Ад фр. poularde.]