пульхны, ‑ая, ‑ае.
1. Мяккі, быццам надзьмуты, пухлы. Пульхныя вусны. ▪ Саладжавая, некалькі тупая наіўнасць [Шчыгельчыка] застыла на пульхных мяккіх шчоках. Пестрак. Твар.. [Ціхана] распух, стаў бялявы, пульхны. Дуброўскі. // Тоўсты, сыты. Малады Сурвіла — пульхны, выглян[ц]аваны хлопец. Чорны. Чалавек ветліва падаў маленькую, пульхную, як у жанчыны, ручку. Пянкрат.
2. Мяккі, пухкі. А з пшанічнае мукі І выходзіць хлеб такі, Белы, нібы вата, Пульхны, наздраваты. Грахоўскі. Тэкля выцягнула з печы талерку аладачак у смятане, беленькіх і пульхных, і паставіла на стол. Краўчанка. // Лёгкі, пушысты. Снег быў пульхны, і ссоўваць лапатамі яго было няцяжка. Скрыпка. Зямля цёпла пахне, пульхная, адвечна-вільготная. Ермаловіч.
3. Тоўсты, аб’ёмісты, раздуты. Мажэйка паклаў на трыбуну пульхны том даклада, прыціснуў яго кулаком. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)