Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

псі́хіка, ‑і, ДМ ‑хіцы, ж.

Уласцівасць высокаарганізаванай матэрыі — галаўнога мозга — адбіваць, адлюстроўваць навакольны свет у пачуццях, адчуваннях, а ў людзей — у мысленні і волі. // Душэўная арганізацыя чалавека, сукупнасць яго душэўных перажыванняў, сіл, пачуццяў. Псіхіка селяніна. Дзіцячая псіхіка. □ З глыбі вякоў паўставалі даўно забытыя, сцёртыя ў памяці народа парадкі, традыцыі і адміністрацыйныя функцыі абуджанай польскай дзяржаўнасці, паўставалі, як магільныя прывіды, узрушаючы псіхіку шырокіх пластоў працоўных мас. Колас.

[Ад грэч. psychikos — душэўны.]

псіхічнахво́ры, ‑ая, ‑ае.

Хворы на псіхіку; псіхічна ненармальны. / у знач. наз. псіхічнахво́ры, ‑ага, м.; псіхічнахво́рая, ‑ай, ж.

псіхі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да псіхікі, звязаны з псіхікай. Псіхічная дзейнасць. Псіхічныя працэсы. Псіхічнае захворванне. Псіхічная атака.

псіхія́тр, ‑а, м.

Урач, спецыяліст па псіхічных захворваннях. Для спрактыкаванага псіхіятра цікава б было наглядаць, як шпарка даспявае .. [Сомік] для злачынства ці вар’яцкага дому. Крапіва.

псіхіятры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да псіхіятрыі. // Прызначаны для лячэння псіхічных хворых, назірання над імі. Псіхіятрычная клініка. Псіхіятрычная бальніца.

псіхіятры́я, ‑і, ж.

Навука аб псіхічных захворваннях і іх лячэнні.

[Ад грэч. psychē — душа і iatreia — лячэнне.]

псіхо́з, ‑у, м.

Хваравіты стан, звязаны з пашкоджаннем галаўнога мозга. // Разм. Ненармальнасць, дзівацтва ў псіхіцы таго або іншага чалавека. Гэтыя .. [Тамарыны] заляцанні, званкі на дом, запрашэнні давялі Галіну да хваробы, бо рэўнасць яе набыла паталагічны характар, стала псіхозам. Шамякін. // Моцнае псіхічнае ўздзеянне якіх‑н. з’яў, падзей і пад., якія выклікаюць страх, нервуюць. Ваенны псіхоз.

псіхо́лаг, ‑а, м.

1. Спецыяліст па псіхалогіі.

2. Той, хто разбіраецца ў характарах, пачуццях, паводзінах і г. д. людзей. Візэнер заўсёды любіў падумаць, усё ўзважыць, сем разоў адмераць, а раз адрэзаць. Ён быў тонкі псіхолаг. Шамякін.

псіхро́метр, ‑а, м.

Прыбор для вызначэння тэмпературы і вільготнасці паветра.

[Грэч. psychros — халодны і metreō — мераю.]

псо́віна, ‑ы, ж.

Доўгая поўсць на пярэдніх нагах і на хвасце хартоў.