тэлефо́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэлефона; служыць, прызначаны для тэлефона. Тэлефонная станцыя. □ Сам старшыня, каржакаваты і рухавы Адам Вухавец, стаяў у пустой яшчэ кватэры, каля тэлефоннага апарата. Брыль. Апошнія словы Перагуда былі заглушаны тэлефонным званком. М. Ткачоў.
2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлефона; перадаецца па тэлефоне. Тэлефонная сувязь. □ У мяне а трэцяй гадзіне тэлефонная размова з сакратаром крайкома. Пальчэўскі. Мы пераглянуліся і скіраваліся сваёй дарогай — да будынка васьмігадовай школы, дзе па тэлефоннай дамоўленасці дэкана з дырэктарам нам абяцалі дах над галавой на гэтыя экспедыцыйныя дні. Нядзведскі.
тэлечасо́піс, ‑а, м.
Перыядычная тэлевізійная перадача, якая складаецца з некалькіх сюжэтаў (старонак); тэлевізійны часопіс.
тэлу́р, ‑у, м.
Хімічны элемент, крохкі серабрыста-шэры метал.
[Ад лац. tellus, telluris — зямля.]
тэлу́равы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тэлуру, змяшчае ў сабе тэлур. Тэлуравая кіслага.
тэлу́рый, ‑я, м.
Прыбор, які наглядна паказвае рух Зямлі вакол Сонца і сутачнае вярчэнне Зямлі вакол сваёй восі.
[Ад лац. tellus, telluris — зямля.]
тэлуры́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Зямны, які мае адносіны да Зямлі. Тэлурычныя токі.
тэ́ма, ‑ы, ж.
1. Кола жыццёвых з’яў, падзей, якія складаюць змест твораў літаратуры, жывапісу, музыкі ці аснову навуковых даследаванняў, дакладаў і пад. Тэмы кандыдацкіх дысертацый. Тэма даклада. □ Я тэмы для вершаў старанна вывучваў, Пра шчасце людское я хітра выпытваў, Слухмянымі рыфмамі звонка выстукваў Пра гора і радасць, пра грозныя бітвы. Панчанка. // Прадмет даклада, лекцыі, гутаркі. Лапковы мыслі зблыталіся ў галаве, але сувязі з агульнаю тэмаю, на якую ўзяўся ён разважаць, не гублялі, а толькі пайшлі па іншай лініі. Колас. Вера Антонаўка, спрабуючы знайсці прычыну, заводзіла гаворку то на адну, то на другую тэму, але дарма — сын адмоўчваўся. Карпаў. // Тое, што з’яўляецца зместам навучальнага або кантрольнага задання. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання ў голасе тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч.
2. Спец. Асноўны матыў якога‑н. музычнага твора або яго часткі, які звычайна служыць прадметам далейшага развіцця. [Чайкоўскі] на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо» для сімфанічнага аркестра. «Маладосць».
3. У мовазнаўства — а) аснова на тэматычны галосны, напрыклад: чыта- ў слове чытаю, крычы- ў слове крычыць; б) пры актуальным чляненні выказвання тая яго частка, якая змяшчае менш інфармацыі, выражае ўжо вядомае і служыць асновай для разгортвання паведамлення.
•••
Вольная тэма — не абмежаваная рамкамі праграмы, адвольная тэма (сачынення і пад.).
[Грэч. thema — галоўная думка.]
тэматы́зм, ‑у, м.
Спец. Супастаўленне тэм, якое прымяняецца ў пабудове музычнага твора і пры яго аналізе. У творчасці Я. Цікоцкага лірычны тэматызм амаль заўсёды шырокі, спакойны, адзначаны жыццёвай актыўнасцю, светлым характарам. Дубкова.
тэма́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Сукупнасць, кола тэм. Тэматыка даследаванняў. Былінная тэматыка. □ Тэматыка лірычных твораў Я. Коласа надзвычай разнастайная. «Беларусь». Рабочая тэматыка займае ўсё большае і большае месца ў творах беларускіх пісьменнікаў. Арабей. Сергіевічу, які ўпершыню браўся за гістарычную тэматыку, хацелася даць трактоўку яе ў народным духу. Ліс.
тэматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэмы (у 1 знач.), тэматыкі; які характарызуецца наяўнасцю якой‑н. тэмы (тэм). Тэматычны план лекцый. Стварэнне мастацкіх тэматычных твораў. □ У анталогію ўвайшлі творы шырокага тэматычнага дыяпазону. «Полымя». // Прысвечаны якой‑н. адной тэме. Тэматычная выстаўка. Тэматычны канцэрт. Тэматычны агляд літаратуры. □ Нядаўна мы праводзілі тэматычны вечар, прысвечаны жыццю і творчасці Міхася Лынькова. «ЛіМ».
2. Які мае адносіны да тэмы (у 2 знач.). Тэматычная распрацоўка сімфоніі. Тэматычныя паўторы.
3. Які мае адносіны да тэмы (у 3 знач.). Тэматычныя галосныя.