русако́сы, ‑ая, ‑ае.
З русымі косамі. [Сымон] паглядаў у адзін бок, дзе пад сонечнай спякотай жала маладая русакосая дзяўчына — яго любая Зоська. Бядуля.
руса́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да русалка.
руса́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце. Русалак рогат... Ночы ціш... Пужаюць князя над вадою. Чарот. Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля.
руса́ллі, ‑лляў.
У старажытных славян — вясеннія язычніцкія святкаванні, звязаныя з культам продкаў.
руса́лчын, ‑а.
Які мае адносіны да русалкі, уласцівы ёй. // Такі, як у русалкі; загадкавы, прывабны. Русалчын смех.
руса́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да русалляў. Русальныя ігрышчы.
•••
Русальны тыдзень — першы тыдзень пасля свята сёмухі, калі спраўляліся русальныя абрады.
русе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Рабіцца русым, больш русым.
русі́зм, ‑а, м.
Слова ці моўны зварот, запазычаныя з рускай мовы ці ўтвораныя па ўзору рускіх слоў і выразаў. У .. беларускай мове [Багдановіча] сапраўды было, асабліва ў пачатковым перыядзе творчасці, багата русізмаў. М. Стральцоў.