Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хаму́ла, ‑ы, м.

Разм. груб. Хам. [Ураднік:] — Маўчаць, хамула! Жыва адзявайся! Макар! Прыступай да справы! Чарнышэвіч.

хаму́т, ‑а, М ‑муце, м.

1. Частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам з унутранага боку (хамуцінай). — А конь на грэблі ў самай гразі распрогся: бацька гэтак засупоніў хамут, што супоня развязалася. Сабаленка. Спуджаны конь б’е ў хамут, прысядае на заднія ногі. Бажко.

2. перан. Разм. Пра якую‑н. абузу, клопаты, турботы. Карацей кажучы, [гаспадыня] прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя... Дубоўка. [Гулякоў:] — Я паспытаў ужо. Жаніўся. Ведаю гэты мёд. Ведаю, што такое хамут на шыю. Кавалёў. // Прыгнёт, паднявольнае становішча. [Міхал:] — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! Колас.

3. Спец. Прыстасаванне кальцавой формы для змацоўвання, злучэння чаго‑н. Рысорны хамут.

4. Разм. груб. Некультурны, неадукаваны чалавек; хамула. Са мной Ігар нават гаварыць не хацеў — лічыў мяне проста вясковым хамутом. Сачанка.

•••

Біць у хамут гл. біць.

Запрэгчы ў хамут гл. запрэгчы.

хаму́тнік, ‑а, м.

Майстар, які вырабляе хамуты; рымар.

хаму́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хамута (у 1, 3 знач.). Хамутнае пакрыццё. Хамутнае злучэнне труб.

хаму́цік, ‑а, м.

1. Памянш. да хамут (у 1 знач.).

2. Спец. Злучальная дэталь кальцавой формы.

3. Спец. Заціскачка ў металарэзным станку, якая перадае вырабу вярчэнне ад патрона.

•••

Прыцэльны хамуцік — папярочная планка на рамцы вінтовачнага прыцэла.

хамуці́на, ‑ы, ж.

Мяккі валік з лямцу, які прымацоўваецца пад клешчы хамута, каб яны не націралі шыю каню. Крыху супакоіўшыся, .. [стары] падышоў да мокрага напалоханага каня, пагладзіў яго па шыі, потым выцягнуў з-пад хамуціны грыву, праверыў супоню, адпусціў церассядз[ёлак.] Ляўданскі.

хамя́к, ‑а, м.

Грызун сямейства мышыных, шкоднік палявых і агародных культур.

хамяко́ў, ‑ова.

Які належыць хамяку. Хамяковы лапы. Хамякова нара.

хамя́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хамяка, належыць хамяку. Хамячыя сляды. Хамячая шкурка.

хамячы́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і хамячы.