Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ву́сень, ‑я, м.

Лічынка матыля, падобная на чарвяка. Аднойчы.. [Ксеня] знайшла на яблыні вусеня, страшэнна перапужалася. Дуброўскі. // у знач. зб. Вусень пааб’ядаў вясною лісце ў садзе. Чорны.

ву́сікі, ‑аў; адз. вусік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да вусы (у 1, 2 знач.); маленькія вусы. Собіч не любіў гэтага чалавека, вяртлявага, цыбатага, быстравокага, з тоненькімі моднымі вусікамі. Скрыган.

2. Ніткападобныя атожылкі на сцябле некаторых паўзучых раслін, якімі яны прымацоўваюцца да іншых прадметаў. У прыбудоўцы сенцах гаспадарыць адзін толькі неспакойны вецер,.. пакалыхваючы дзікі вінаград, што моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі. Колас.

3. Членістыя прыдаткі на галаве ў членістаногіх жывёл.

4. Спец. Доўгія тонкія выступы якой‑н. дэталі, прыстасавання ў выглядзе спружынак, дроцікаў. [Язэп] захапіў рукой жыта і раптам убачыў міну і два драцяныя вусікі, што тырчалі ў розныя бакі. Асіпенка.

вуснапаэты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вуснай народна-паэтычнай творчасці.

ву́сны 1, ‑аў; адз. няма.

Губы, рот. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур’ёзным. Колас. Святлелі твары ў людзей, што сустракалі.. [чараду машын], словы радасці вырываліся з вуснаў. Хадкевіч.

•••

З вуснаў у вусны — распаўсюджвацца шляхам перадачы жывым словам, не пісьмова і без дапамогі іншых сродкаў.

Чуць з трэціх вуснаў гл. чуць.

ву́сны 2, ‑ая, ‑ае.

Які вымаўляецца, не пісьмовы. Вусны пераказ. Вусная мова. // Не замацаваны пісьмова. Вусная народная творчасць.

ву́стрыца, ‑ы, ж.

Марскі малюск сямейства двухстворкавых, прыдатны да яды. І вустрыцы, і рабчыкі сцюарды ўжо нясуць. Панчанка.

ву́стрычны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вустрыцы. // Звязаны з развядзеннем і здабычай вустрыц. Вустрычны промысел.

ву́сце, ‑я, н.

1. Месца ўпадзення ракі (у мора, возера); участак ніжняга цячэння ракі.

2. Выхадная адтуліна чаго‑н., выхад. Вусце ствала шахты. □ Удвух з Андрэем неслі яны сетку на бераг, трымаючы вусцем угору, і, толькі адышоўшыся далей ад вады, перавярнулі яе кулём на дол. Колас.

ву́сцевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вусця (у 1 знач.). Вусцевая мель.

ву́сцейка, ‑а, н.

Невялічкая адтуліна на лістах і сцяблах раслін для газаабмену і выпарэння.

ву́сцілка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Подсцілка з тонкай скуры, кардону, палатна ў абутку, да якой прымацоўваецца падэшва. Я сапраўды баяўся падымаць ногі, каб не паказаць пратаптаных да вусцілкі чаравікаў. Лужанін.