Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сачыне́нне, ‑я, н.

Від пісьмовай школьнай работы, звязаны з выкладаннем сваіх думак на пэўную тэму. [Клара] амаль кожны дзень прасіла Славу што-небудзь зрабіць: чарцёж, дамашняе сачыненне... Хомчанка. [Дзёма:] — Мы [вучні] пісалі нават сачыненне па тэму: «Наша школа». Жычка.

сачы́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Разм. Тое, што і сачавіца. [Іван Сцяпанавіч:] — Паводле колькасці бялку, а таксама вугляводаў сачыўка стаіць вышэй гароху і фасолі. Дубоўка.

сачы́ўкавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да сачыўкі.

сачы́цца, сочыцца; незак.

1. Цячы, выцякаць па кроплі або тонкім струменем (пра вадкасць). З раны на галаве нават і цяпер яшчэ сачылася сукравіца. Машара. У двух ці трох месцах на.. [дарозе] накіданы часткі, пад кожным сачылася ручаінка. Пестрак. // чым і без дап. Выдзяляць з сябе па кроплі струменьчыкам якую‑н. вадкасць. Можна было яшчэ адпачываць, бо нават рана яшчэ сачылася на назе гноем. Ермаловіч. Спачатку выпусцілі свае коцікі вербы. Потым, перад вялікаднем, пачалі сачыцца празрыстым сокам пні ссечаных бяроз. Караткевіч. // перан. Выяўляцца ў чым‑н. (пра пачуцці і пад.). Глядзіць і цешыцца з малога [маці] Ды з ласкай туліць да грудзей. Ну, дзе знайсці сынка такога? І радасць сочыцца з вачэй. Колас.

2. Пранікаць, прасочвацца ўнутр (пра вадкасць). У чаравікі сочыцца вада. Даўно сапрэлі мокрыя анучкі. Чарняўскі. // перан. Пранікаць куды‑н., праз што‑н. (пра святло, гукі і пад.). У сутарэнне праз аддушыны сачылася крышачку святло і паветра. Баранавых. Праз патрэсканую драніцу ў хлеў на сена сочыцца белы месяц. Пташнікаў.

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

сачэ́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. сачыць ​1 (у 4, 5, 6 і 7 знач.).

сачэ́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сачыць ​2.

сачэ́нь, ‑чня, м.

Абл. Выраб з кіслага або прэснага цеста ў выглядзе тоўстага бліна без начынкі. На патэльні пячэцца даволі тоўсты сачэнь. Ус.

сашмаргну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Шмаргнуўшы, сарваць што‑н. або абарваць з паверхні. Варажыла тут дзяўчынка На калоссях аржаных, Сашмаргнуўшы з іх шчацінку. Колас. Шмаргануў Косцік па ботах шчоткаю раз, другі раз. Гразь прыклеілася да скуры моцна, так проста не сашмаргнеш. Арабей.

2. Шмаргануўшы, злучыць, сцягнуць што‑н. Сашмаргнуў [Лявон] матузкамі капшук. Скрыган.

сашмо́рганы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сашморгаць.

сашмо́ргацца, ‑аецца; зак.

Сцерціся ад доўгага шморгання.