Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчы́тны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і шчыльны (у 1, 2 знач.). Столь у хаце — высокая, шчытная, з добрага жоўтага дрэва, без сукоў. Ермаловіч. Укрытая шчытнымі хмарамі, ноч проста млела ў густой цеплыні. Зарэцкі.

шчыто́к, ‑тка, м.

1. Памянш.-ласк. да шчыт; невялікі шчыт (у 2, 3 і 4 знач.). Насунуўшы на вочы шчыток, працуе электразваршчык. Дадзіёмаў. І што ні двор — пад паветкай і пад сценамі пад самы шчыток — вялікія запасы сухіх дроў. Машара. Галя падскочыла да шчытка, паціснула кнопку. Грахоўскі.

2. У спорце — прыстасаванне, якое ахоўвае асобныя ўчасткі цела іграка ад удараў.

3. У заалогіі — цвёрдая пласцінка ля асновы крыл жука.

4. У батаніцы — суквецце, у якім усе кветкі, размешчаны на адной плоскасці.

шчыто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Шкоднік раслін — дробнае сысучае насякомае, пакрытае шчытом (у 6 знач.).

шчы́цік, ‑а, м.

Спец.

1. Насякомае з атрада хобатных, драўнінны або лясны клоп.

2. Рухомая частка кулямётнага і пад. прыцэла, што служыць для ўстаноўкі прыцэла на дыстанцыі.

шчэ́беневы, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца або зроблены са шчэбеню; пакрыты шчэбенем. Шчэбеневы насціл.

2. Які прызначаны, служыць для вырабу шчэбеню. Шчэбеневы завод.

шчэ́бень, ‑ю, м.

1. Біты, раздробнены камень, цэгла і пад., які прымяняецца для будаўнічых работ і пракладкі дарог.

2. Дарожнае пакрыццё, дарожны насып, зроблены з такога каменю, цэглы і пад. Тут [на Малахавым кургане] шчэбень церлі танкі ў пудру, І раптам нашае: — Палундра!.. Смагаровіч.

3. Асадачная горная парода, якая складаецца з невялікіх неабкачаных востравугольных абломкаў.

шчэ́бет, ‑у, М ‑беце, м.

Спеў шчыглоў, ластавак і некаторых іншых птушак. На світанні яны [палескія лясы] звіняць птушыным шчэбетам, пераклікаюцца глухім перастукам дзятлаў і буркатаннем дзікіх галубоў. Грахоўскі. Шчэбетам сустрэлі [ластаўкі] Родны край з дарогі. На тэлеантэне Пасядзелі трохі. Калачынскі. // перан. Гучны, хуткі, ажыўлены гоман, размова. Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Колас. / у перан. ужыв. Сталы стаялі ўпрытык. Ад металічнага шчэбету машынак можна было аглухнуць. Сабаленка.

шчэ́лепны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шчэлепаў. Шчэлепная поласць. // Які мае шчэлепы. Шчэлепныя жывёлы.

шчэ́лепы, ‑аў; адз. няма.

Жабры. Шчэлепамі разбітымі пакутліва кратае камбала бездапаможна пляскатая. Барадулін.

шчэ́нная,

Цяжарная (пра сабаку, ваўчыцу, лісу і пад.). Праз нейкі момант з-за хлява, аблізваючыся, выйшаў сабака, узбег па сумёт, які пабраўся шараном, і тады Усціння ўбачыла, што гэта была шчэнная сучка — вялікі жывот свой яна ледзь не валачыла па снезе. Чыгрынаў.