Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

укляпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замацавацца шляхам кляпання.

2. перан. Разм. Ублытаўшыся ў якуго‑н. справу, трапіць у непрыемнае, няёмкае становішча. [Кажамяка:] От укляпаўся! І калі ўжо скончацца мае пакуты. Гурскі. // Абазнацца. [Собаль:] — Прывітанне, таварыш студэнт! А я гляджу ды баюся ўкляпацца: знаёмы ці не?.. Брыль.

3. Разм. Закахацца.

укляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Уставіць і замацаваць шляхам кляпання. Укляпаць болт. Укляпаць кручок.

уко́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. уколваць — укалоць (у 1 знач.).

2. Упырскванне чаго‑н. пад скуру, ін’екцыя. Доктар, які прыехаў неўзабаве пасля званка, зрабіў дзеду ўкол і загадаў сабраць яго ў бальніцу. Хомчанка.

3. Разм. Уколатае месца. Пакласці грэлку на ўкол.

4. перан. Заўвага, учынак, якія прычыняюць непрыемнасці, крыўдзяць, абражаюць каго‑н. Кожная .. сустрэча [Вольгі і Сашы] суправаджалася ўзаемнымі ўколамі. Новікаў.

уко́латы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укалоць.

уко́лвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да укалоцца.

2. Зал. да уколваць.

уко́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да укалоць.

уко́паны,

гл. укапаны.

уко́пванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. укопваць — укапаць.

уко́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да укапацца.

2. Зал. да укопваць.

уко́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да укапаць.