ру́парны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рупара, забяспечаны рупарам. Рупарная антэна.
рупатлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць рупатлівага. У .. голасе [Крушынскага] чулася надзвычайная рупатлівасць. Бядуля.
ру́песак, ‑ску, м.
Абл. Клопат, стараннасць, руплівасць. Амбражэвіча ў раёне ўсе звалі бацькам, як за гады, так і за разумную сталасць і сапраўды бацькоўскі рупесак і клопат аб усім. Мурашка. Мінуліся вясёлыя забавы, — І матчын рупесак, яе трывогі Душу дзіцячую кранулі без пары. Вітка.
ру́песк, ‑у, м.
Абл. Тое, што і рупесак. Вера Іванаўна даўно ўправілася, але, бачачы мужаў рупеск, нібы хацела налюбавацца на яго запозненную ўвішнасць. Сабаленка.
ру́пець, ‑піць; незак.
1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.
ру́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; незак.
1. Старацца, клапаціцца, непакоіцца аб кім‑, чым‑н. Старанная дзяўчына, якая ведала і любіла сваю работу, рупілася аб калгасе, заўсёды была патрабавальнаю. Дуброўскі. Можа ў вас якая адрынка ёсць? — спытаў Андрэй, заўважыўшы, аб чым рупіцца гаспадар. Кулакоўскі.
2. Хацецца. Ім [бабулям] не сядзіцца доўга ў цяньку — Усё ім за варотцы выйсці рупіцца. Свірка.
ру́пія, ‑і, ж.
Грашовая адзінка ў Індыі, Пакістане і некаторых іншых краінах; манета адпаведнай вартасці.
[Ад санскр. rüpyam.]
руплі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць руплівага; дбайнасць, клапатлівасць, стараннасць. [Варывончык] спрытна, з гаспадарчай руплівасцю, пачаў падразаць купіны і рассякаць іх на дробныя кавалкі. Кулакоўскі. — Пры такім старанні можна і акадэмікам стаць, — жартаваў Заранік, бачачы гэтую руплівасць Паходні. Хадкевіч.
руплі́вец, ‑ліўца, м.
Разм. Пра дбайнага, клапатлівага, стараннага чалавека. Гэта .. быў узор рупліўца на ніве народнага мастацтва, самаахвярнага барацьбіта за яго ўздым. Ліс.