вурката́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вуркатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
вурката́ць, ‑коча; незак.
Разм. Утвараць аднастайныя пералівістыя гукі; глуха грукатаць. Імжыў цёплы дожджык, шапацелі даспелыя аўсы, а недзе на захадзе вуркатаў гром. Грахоўскі. Вуркаталі машыны, гаманілі людзі, і снежны пыл пурыўся над дарогай. Асіпенка.
вуркатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які раскаціста гучыць, глуха грукоча. Вуркатлівы гром.
2. Які любіць павуркатаць; бурклівы. Вясна была няўстойлівая, халодная, як злая, вуркатлівая свякруха. Навуменка.
вурча́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вурчаць.
вурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Тое, што і бурчаць (у 1 знач.). Праз момант чутно, як.. [сабакі] злосна і нездаволена вурчаць. Лупсякоў. Навокал стаяла цішыня, толькі над галавой вурчаў, аддаляючыся, самалёт. Няхай.
вусано́гія, ‑іх.
Атрад ніжэйшых марскіх ракападобных жывёл.
вуса́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вусы, вусікі; з доўгімі або густымі вусамі. Вусаты чалавек. Вусаты кот. □ Аб шкло біўся аксамітнымі крыламі вялікі вусаты матыль. Б. Стральцоў. Вусаты, увесь у пыле, машыніст абвясціў перапынак. Хадкевіч. / у знач. наз. вуса́ты, ‑ага, м. Разм. — Аддай мне птушку! — наступаў вусаты на бялявага. Арабей. // З вусікамі, асцюкамі (пра расліны). Шапочуць вусатыя, нахіленыя да самай зямлі каласы жытоў і пшаніцы. Гамолка.
2. Састаўная частка назваў некаторых жывёл. Вусаты кіт.
вуса́ч, ‑а, м.
1. Разм. Чалавек з вусамі (звычайна доўгімі або густымі). З натоўпу выскачыў вусач і пусціўся ўпрысядкі, а потым закружыўся ваўчком. Гурскі.
2. Рыба сямейства карпавых; мірон.
3. Тое, што і дрывасек (у 2 знач.). Большасць вусачоў — шкоднікі лесу.
ву́сеневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вусеня.