Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саці́н, ‑у, м.

Баваўняная ці шаўковая тканіна, якая мае гладкі бліскучы правы бок. Нямала спакусы тут і для самой гаспадыні: і гэтакі, што мяса, шчыльны і мяккі мультан, і сацін, і корт на спадніцу. Васілевіч.

[Ад фр. satin — атлас.]

саці́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саціну. Сацінавае перапляценне. // Зроблены, пашыты з саціну. [Ніна], распрануўшы паліто і адзеўшы сіні сацінавы халацік, прыбірала на стале параскіданыя часопісы. Адамчык. Чорная сацінавая сарочка з белымі гузікамі, здавалася, вось-вось разапнецца на шырачэзных плячах. Новікаў.

саціне́т, ‑у, М ‑неце, м.

Сорт тонкага саціну. З дазволу бацькі, хоць быў ён дужа скупы, купіла [Юзя] найлепшага сацінету. Гарэцкі.

саціне́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сацінету. Сацінетавая тканіна. // Зроблены, пашыты з сацінету. [Дзядзька Пракоп] быў у новай сацінетавай кашулі. Грахоўскі.

саціні́раванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сацініраваць.

саціні́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сацініраваць.

саціні́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да сацініраваць.

саціні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Надаваць бліскучы выгляд, як у саціне; глянцаваць (звычайна пра паперу).

сацспабо́рніцтва, ‑а, н.

Сацыялістычнае спаборніцтва. Выклікаць на сацспаборніцтва. □ Паліна Нікандраўна ўчора ўвечары вярнулася з Літвы, куды ездзіла як член камісіі па праверцы сацспаборніцтва дзвюх суседніх рэспублік. Дуброўскі.

сацстра́х, ‑у, м.

Сацыяльнае страхаванне.