Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

1. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Людміла Сяргееўна паглядзела на неба і ціхенька праспявала: «Колькі ў небе зор...» Радкевіч. // Вымавіць нараспеў. — Гэта вы, таварыш галоўны архітэктар? — з насмешлівым какецтвам праспяваў жаночы голас. Карпаў. — А гэты чараўнік, Полечка, якраз у мяне і сядзіць, — праспявала Вікторыя Аркадзеўна. Паслядовіч. // Утварыць пявучыя гукі. Трэція пеўні праспявалі, калі яны леглі спаць. Гурскі. Прыгожа праспяваў ражок стрэлачніка. Васілёнак.

2. Спяваць некаторы час. Ноч перад тым, як пакінуць Дзяляцічы, амаль усю праспявалі. Сабаленка.

прасса́ць, ‑есу, ‑ссеш, ‑ссе; ‑сеем, ‑ссяце; зак.

Ссаць некаторы час.

прастава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць праставатага. Але ні флегматычнасці, ні сялянскай праставатасці .. [Шутава] ніхто цяпер не заўважыў. Мележ.

прастава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Прастадушны, няхітры. Праставаты выгляд. □ Можна было толькі падзівіцца, адкуль у гэтага, з выгляду праставатага чалавека, такі тонкі розум? Шашкоў.

2. Недалёкі, наіўны. Гэты ўрывак раскрывае філасофію герояў рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху ў мужыцкім праставатым успрыняцці. У. Калеснік.

3. Нескладаны, просты.

прастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Разм. Ісці напрасткі, прама. Хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да .. [Васіля]. Мележ. [Дзік] паволі праставаў на тоўстую старадрэвіну, што пры густым хвойніку перагарадзіла прасеку. Сачанка. І мы подбегам прастуем цераз лужок туды, дзе цямнеюць прыбярэжныя кусты. С. Александровіч. Басанож прастуеш да студні — жарства шурпатая коле ступні. Барадулін.

прастагна́ць, ‑стагну, ‑стогнеш, ‑стогне; зак.

1. Абазвацца стогнам. Мне здалося, што нехта прастагнаў. Скрыпка. // што і без дап. Сказаць са стогнам. — Там жа немцы! — прастагнаў артылерыст, чорны, як цыган, хлопец. Хомчанка. «Божа мой, божа мой», — прастагнаў Мішурын і заплюшчыў вочы. Чорны.

2. Стагнаць некаторы час. Прастагнаць усю ноч.

прастаду́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прастадушнага. Навошта бянтэжыць хлопца? Адразу ж знікне ўся яго прастадушнасць, шчырасць. Краўчанка.

прастаду́шны, ‑ая, ‑ае.

Няхітры, просты, даверлівы. Як я і памятаю, то мой бацька быў вельмі прастадушны. Бажко.

праста́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і прасцяк. Шапка, што ссунулася крыху на бок, некалькі расшпіленых гузікаў, твар — усё нібы крычала: глядзіце, вось я які прастак, душа ў мяне нараспашку, увесь я перад вамі, адным словам свой чалавек на вёсцы. Кавалёў. Іранічна падсм[ей]ваецца паляшук, расказваючы .. гісторыі і легенды даверлівым прастакам. «Маладосць».

прастакава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прастадушны, няхітры. [Лёня] мне спачатку здаўся сціплым, нават па-сялянску трошкі прастакаватым. Сабаленка. // Недалёкі, наіўны. [Максім:] — Прызнацца, .. [Яшка] і мне не падабаецца. Не ведаю нават чаму. Хоць вельмі і ліпне да мяне, такі ахвочы на паслугі. Наконт жа сувязі з паліцыяй і дэфензівай — наўрад ці ён здатны. Вельмі нейкі прастакаваты. Машара.