Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сахары́на, ‑ы, ж.

Тое, што і сахарын. Сора Гілерава не носіць болей сахарыны па вёсках. Лынькоў.

сахары́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сахарыну. Сахарынавы парашок.

саха́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З галінастымі рагамі, рагаты. Пазірае сахаты алень. Пажадаць нам удачы выбег. Барадулін.

2. у знач. наз. саха́ты, ‑ага, м. Лось. Падрастай, сахаты, падрастай! Для тваіх паслуг я, твой і гай, І палонка гэта — вадапой, І пад снегам твой пушысты мох... Бялевіч.

саха́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Мяса сахатага (у 2 знач.). Увечары мы гасцілі ў Толіка. Люда, — гаспадыня, Толікава нявеста, — частавала, нас смачнай вячэрай: юшкай са сцерлядзі і сахацінай. «Маладосць».

саха́ч, ‑а, м.

Разм. Тое, што і сахаты (у 2 знач.). На кволым снезе, быццам на планшэце, Праклаў сахач пункцір да хмызняку. Лукша.

сахо́р, ‑хара, м.

Жалезныя вілы для накідвання гною. Калупае сахаром той гной Зося, асцерагаецца, праўда, — не доўга сябе сапсаваць... Прыедзе стары — воз не давершаны. Крапіва. Бывала, накідае мой бацька воз гною, уваткне сахор у гной, пасадзіць мяне, бо дома не было з кім пакінуць, і едзе на сваю палоску кіламетры за чатыры. Кулакоўскі.

сац... 1,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «сацыялістычны», напрыклад: сацспаборніцтва, сацрэалізм, сацбудаўніцтва.

сац... 2,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «сацыяльны», напрыклад: сацзабеспячэнне, сацстрах.

сацабавяза́цельства, ‑а, н.

Абавязацельства па сацыялістычнаму спаборніцтву.

сацбудаўні́цтва, ‑а, н.

Сацыялістычнае будаўніцтва.

сацдагаво́р, ‑а, м.

Дагавор аб сацыялістычным спаборніцтва паміж асобнымі работнікамі або калектывамі.