Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упле́сціся, уплятуся, упляцешся, упляцецца; упляцёмся, уплецяцеся, уплятуцца; пр. уплёўся, уплялася, ‑лося; заг. упляціся; зак.

1. Уставіцца, увіцца ў што‑н. пры заплятанні. / у перан. ужыв. Хай сабе і ўплялася ў валасы сівізна, але адчувала.. [Ганна], што здароўе яе яшчэ не зусім растрачана. Гроднеў. // Сплесціся, пераплесціся пры росце. Сіняя валошка, Травы разрасліся, Палыны на межах Густа ўпляліся. Колас. // Уліцца, уключыцца ў што‑н. А Марыся ветліва, шырока заўсміхалася насустрач.. [Вінцусю] і, выбіваючы такт песні нагой, непрыкметна адклала гітару, радасна замахала рукамі, кіруючы песняй, у якую ўплялося і яшчэ некалькі ціхіх галасоў. Галавач. Я аж вушам сваім не даў веры, калі пачуў аксамітны голас Метлюга. Мне здалося, што ў яго нават упляліся нейкія металічныя ноткі гневу. Сабаленка.

2. Разм. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Дзімка ўплёўся за цешчыну жакетку і памалу пасоўваўся бліжэй да дзвярэй. Капыловіч.

3. Разм. Увязацца за кім‑н. Потым ваўкі ўпляліся следам, загналі яго на грушу-дзічку і завылі жудаснымі галасамі. Наўроцкі. Уплёўся [камарык] за мною, ніяк не адстане. Звініць, нібы сыпле на вочы пясок. Камарык, камарык, навошта старонкі? Найлепшы ў свеце яе галасок... Тармола.

упле́цены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уплесці.

уплі́шчыцца, уплішчуся, уплішчышся, уплішчыцца; зак.

Разм. З цяжкасцю ўлезці, прабрацца куды‑н., праціснуцца. Васілінка моцна трымалася за Тоніну руку.. і адступала ўсё далей ад Сонькі. Яна і там, у фатографа, не стала з ёй побач, але Сонька ўплішчылася бліжэй да Васілінкі, знарок наступіўшы ёй на нагу. Ус.

уплыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уплысці, уплыць.

уплыва́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Рабіць уплыў; уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Тое, што на паэзію Купалы і Коласа ўплывала народная творчасць, яе паэтыка, заўважана і даказана нашай крытыкай даўно. Навуменка. [Алесь:] — Машыны, брат, не толькі маюць фізічную сілу, яны яшчэ здольны ўплываць і па розум людзей. Броўка.

уплыво́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць уплывовага.

уплыво́вы, ‑ая, ‑ае.

Які робіць уплыў або здольны ўплываць на каго‑, што‑н.; аўтарытэтны. Нацэвіч выклікаў да сябе старастаў і найбольш уплывовых у сяле мужчын. Галавач. Сацыялізм у нашы дні стаў самай уплывовай грамадскай сілай. «Полымя».

уплы́сці і уплы́ць, уплыву, уплывеш, уплыве; уплывём, уплывяце; пр. уплыў, уплыла, ‑ло; заг. уплыві; зак.

1. Заплысці ўнутр. Лодка ўплыла ў бухту.

2. перан. Плаўна ўвайсці куды‑н. У пакой не ўвайшла, а як бы ўплыла, заняўшы палавіну яго, Сяргеева гаспадыня. Сабаленка.

уплы́ў, уплыву, м.

1. Уздзеянне на каго‑, што‑н. Рабіць уплыў на што‑н. Пад чужым уплывам. Уплыў камсамольцаў на беспартыйную моладзь. □ Маці мела вялікі ўплыў на дачку, выхаваную ў сляпой пакоры царкве і матчынай волі. Лынькоў. Пад уплывам прыроды самы пануры і маўклівы чалавек змяняецца — мякчэе, робіцца весялейшым і нават гаваркім. Ляўданскі.

2. Сіла аўтарытэту, улады. [Грыша:] — Вось дзе трэба наша прапаганда.. Трэба ўвесь раён пад свой уплыў узяць! Няхай.

уплы́ць,

гл. уплысці.

уплю́ханы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уплюхаць.