крыўдзі́цель, ‑я, м.
Той, хто крыўдзіў, крыўдзіць каго‑н. Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун. Купала. Бляднелі і трасліся, як у ліхаманцы, .. крыўдзіцелі народа. Багдановіч.
крыўдзі́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Жан. да крыўдзіцель.
кры́ўдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
Адчуваць крыўду, прымаць што‑н. за крыўду. Крыўдзіцца за непавагу. Крыўдзіцца на сябра. □ Мікалай крыўдзіцца пачаў, крычаць на Костуся, што той не паклікаў яго. Чорны. Ціхон Ціханавіч не ўмеў крыўдзіцца і мірыўся з усім, што тварылася дома. Грамовіч.
кры́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., каго.
Рабіць крыўду каму‑н. Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. І калі здзекуецца нада мною хтосьці — Над Бацькаўшчынай здзекуецца ён маёй, Калі ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй. Купала.
крыўдлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка крыўдзіцца, бачыць крыўду там, дзе яе няма. Чалавек я па сваёй натуры не крыўдлівы, даваў кожнаму, хто толькі таго хацеў, у ахвоту пасмяяцца з сябе і са сваёй пісаніны... Сачанка. // Поўны крыўды, які выражае крыўду. Крыўдлівы позірк. □ На яго вачах выступаюць крыўдлівыя слёзы. Бядуля.
кры́ўдна,
1. Прысл. да крыўдны.
2. безас. у знач. вык., звычайна каму. Пра пачуццё крыўды, якое зведвае хто‑н. Леанід пачырванеў, заблішчэлі слёзы — было сорамна перад таварышамі і крыўдна, што яму не вераць. Шахавец.
кры́ўдны, ‑ая, ‑ае.
Які заключае ў сабе крыўду, прычыняе каму‑н. крыўду. Крыўдныя словы. Крыўдная недаверлівасць. □ Цераз вуліцу пракульгаў Каліткаў Валадым, празваны крыўднаю мянушкаю. Вітка.
крыўля́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ляцы, Т ‑ай, ж.
Разм. Той, хто крыўляецца, паводзіць сябе ненатуральна. — Мой брат. Уладзіслаў. Ён добры, толькі крыўляка. Шамякін.
крыўля́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. крыўляцца.