Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

красну́ха, ‑і, ДМ ‑нусе, ж.

Заразная дзіцячая хвароба, якая суправаджаецца чырванаватай высыпкай на целе.

кра́сны, ‑ая, ‑ае; красен, красна і красна.

Нар.-паэт. Прыгожы. Маладая вясна, Залатая пара! Будзь краска і ясна, Не шкадуй нам дабра. Колас. Не радзіся красны, а радзіся шчасны. З нар.

красо́ўкі, ‑совак; адз. няма.

Лёгкі спартыўны абутак.

красу́н, ‑а, м.

Тое, што і прыгажун. — Не такая я прыгожая. Баюся ўявіць побач з сабой такога красуна. Алешка.

красу́ня, ‑і, ж.

Тое, што і прыгажуня. «А, гэта і ёсць той каморнік, у чыю дачку ўсе тутэйшыя кавалеры закахаліся. Дык вось дзе жыве яна, гэта красуня!» Колас.

кра́сці, краду, крадзеш, крадзе; пр. краў, крала; незак.

1. што. Употай браць, прысвойваць сабе чужое. І ведалі ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са складу. Лынькоў.

2. Займацца кражамі, быць злодзеем. Гаспадаркаю ён не займаўся, .. выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Колас.

кра́сціся 1, крадзецца; незак.

Зал. да красці (у 1 знач.).

кра́сціся 2, крадуся, крадзешся, крадзецца; пр. краўся, кралася; незак.

Употай прабірацца куды‑н., стараючыся быць незаўважаным. Ціха, асцярожна краўся ўраднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Колас. Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Шамякін. // Асцярожна падбірацца да здабычы (пра драпежнікаў). У малінніку піснула спалоханая птушка: мабыць, пачула, што па паркане, асцярожна перабіраючы лапамі, крадзецца кот. Навуменка. / у перан. ужыв. Мы выходзілі дружна насустрач пагрозе, Што патаемнымі сцежкамі кралася ў дом. Куляшоў.

крат,

У выразе: у сто (у сотні) крат — у сто (у многа) разоў. І славу продкаў і бацькоў Памножым мы ў сотні крат. Астрэйка.

кратаві́на, ‑ы, ж.

Разм. Нара крата.

кратаві́нне, ‑я, н., зб.

Разм. Кучкі зямлі, наточаныя кратамі. Дол быў няроўны, паклычаны кратавіннем. Сачанка.