Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жанр, ‑у, м.

1. Род твораў у галіне якога‑н. мастацтва, які характарызуецца пэўнымі ўласцівасцямі, сюжэтнымі і стылістычнымі прыкметамі. Жанр бытавой аповесці. Жанр нацюрморта.

2. Жывапіс на бытавыя тэмы; асобная карціна на бытавы сюжэт. Пейзаж і жанр.

3. перан. Стыль, манера. Спектакль у новым жанры.

[Фр. genre.]

жа́нравы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да жанру (у 1 знач.). Драматычная паэма сумяшчае ў сабе жанравыя адзнакі і ліра-эпічнай паэмы і драмы. Ярош.

2. Які мае адносіны да жанру (у 2 знач.); бытавы. Жанравая сцэнка.

жанры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Мастак, які займаецца жывапісам на бытавыя тэмы.

жанчы́на, ‑ы, ж.

1. Асоба, па полу супрацьлеглая мужчыну. Працавітая жанчына. Жанчына-маці. // Асоба жаночага полу як увасабленне пэўных асаблівасцей, якасцей. Паступова ў ёй абуджалася жанчына. □ Ззаду .. [Віктара] стаяла яшчэ даволі маладая жанчына з прыгожым тварам. Даніленка. // Асоба жаночага полу, якая была або знаходзіцца замужам. Наперадзе спяваюць дзяўчаты, ззаду, расцягнуўшыся на дарозе, ідуць, гамоняць і смяюцца жанчыны. Ракітны.

2. Разм. Жонка. Сам Гурба стаіць адзінокі Няма яго вернай жанчыны. Колас.

жанчыналю́б, ‑а, м.

Пра мужчыну, які празмерна заляцаецца да жанчын. — Я не жанчыналюб, і жаночая спадніца няздольнш закруціць мне галаву. Васілевіч.

жанчыналю́бны, ‑ая, ‑ае.

Які празмерна заляцаецца да жанчын.

жанчыналю́бства, ‑а, н.

Празмернае заляцанне да жанчын.

жанчынаненаві́снік, ‑а, м.

Той, хто пазбягае, ненавідзіць жанчын.

жанчынаненаві́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы жанчынаненавісніку. Жанчынаненавісніцкая натура.

жанчынаненаві́сніцтва, ‑а, н.

Нянавісць, непрыхільнасць да жанчын.