Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

глыбе́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца больш глыбокім. Снежная яма ля кабіны хутка глыбела і расшыралася. Кулакоўскі. // Мацнець, пашырацца (пра пачуцці і інш.). Праўду кажуць, пачуцці ў маўчанні глыбеюць. Лужанін.

глыбі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Далёкія ад цэнтра населеныя пункты. / у вобразн. ужыв. Дагэтуль ён [мядзведзь] жыў сабе Недзе ў глыбінцы, Займаўся чым можна, Каб смутку пазбыцца. Калачынскі.

глыбі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на вялікай глыбіні (у 2 знач.). Глыбінныя рыбы. // Які дзейнічае на вялікай глыбіні. Глыбінная бомба. // Які праводзіцца на вялікай глыбіні. Глыбінная лоўля.

2. Які знаходзіцца ў глыбіні краіны, вобласці і пад. Вёска была глыбіннай — за цэлых сорак кіламетраў ад чыгункі. Навуменка.

3. Які выражае сутнасць, унутраны змест чаго‑н.; істотна важны. Раскрыць глыбінныя працэсы ў літаратуры. // Скрыты, патаемны. Глыбінныя жаданні.

глыбіня́, ‑і; мн. глыбіні, ‑бінь; ж.

1. Адлегласць ад паверхні чаго‑н. да дна. Глыбіня рэчкі. Вымераць марскія глыбіні. □ Па барознах шэрых Раённы аграном ідзе, Каб глыбіню раллі праверыць. Танк.

2. Месца, значна аддаленае ад паверхні чаго‑н. Ззяюць, граюць рыбкі У сіняй глыбіні. Бядуля.

3. чаго. Месца, прастора, аддаленая ад граніц чаго‑н. або размешчаная ўнутры, усярэдзіне чаго‑н. Лясніцкі і Прыборны прабіраліся па вузкай сцежцы ў глыбіню лесу. Шамякін. // перан. Унутраная вобласць чаго‑н.; тое, у чым змяшчаецца аснова, сутнасць чаго‑н. Творчасць пісьменніка бярэ пачатак з глыбінь народнага жыцця. // перан. Пра далёкае мінулае. Адплываюць бурна вёсны, леты у нямую глыбіню вякоў. Смагаровіч.

4. толькі адз. Змястоўнасць, важнасць. Глыбіня пачуцця. □ У кожнай песні свае тоны І свой адбітак глыбіні. Колас. // Ступень ахопу чаго‑н. Глыбіня крызісу.

•••

Да глыбіні душы (сэрца) — вельмі моцна (крануць, уразіць і пад.).

У глыбіні душы (сэрца) — пра пачуцці, перажыванні чалавека, скрытыя ад іншых людзей.

глыбіняме́р, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння глыбіні адтулін, пазоў і вышыні выступаў у дэталях машын.

глыбо́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі глыбокі. Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна, А навокал роў глыбозны. Колас.

глыбо́ка,

1. Прысл. да глыбокі.

2. безас. у знач. вык. Аб вялікай глыбіні. Тут глыбока.

глыбокапаважа́ны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі паважаны (ужываецца звычайна пры афіцыйным звароце да каго‑н.). Глыбокапаважаны таварыш!

глыбокашано́ўны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і глыбокапаважаны.

глыбо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую глыбіню (у 1 знач.). Глыбокая нара. Глыбокая яма. Глыбокая рака. □ Усюды было многа вузкіх дарожак з глыбокімі каляінамі. Чорны. // Зроблены, праведзены на значную глыбіню. Глыбокае ворыва. // Які мае большую глыбіню ў параўнанні з іншымі аднароднымі прадметамі. Глыбокая талерка. □ Твар .. [маці] заклапочаны, пад вачамі туга праклала глыбокія маршчыны. Кавалёў. // Далёкі, які не мае бачных граніц. У глыбокім начным небе высыпалі мірыяды зор. Лынькоў. // Які залягае тоўстым слоем. Снег быў глыбокі, пульхны, але добра трымаў лыжы. Алешка. [Коні] пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Брыль.

2. Які знаходзіцца далёка ад паверхні ці пранікае на значную глыбіню (у 2 знач.). Глыбокае дно. Глыбокі нырок. // Які выходзіць з глыбіні (у 3 знач.). Дыханне рабілася рытмічным і глыбокім. М. Ткачоў. Голас быў роўны, ціхі і глыбокі. М. Стральцоў. // Праніклівы (пра позірк, вочы). Глыбокі позірк. □ Перад.. [Зорыным] паўстаў мілы вобраз Надзейкі, яе нейкія асаблівыя вочы, глыбокія, як мора. Гурскі. Вочы ў Алёнкі цёмныя, глыбокія. Кандрусевіч.

3. Аддалены ад граніц чаго‑н. або размешчаны ўсярэдзіне чаго‑н. Глыбокі тыл. □ Жыў ляснік са сваёй леснічыхай Каля завадзі ціхай, Каля возера ў пушчы глыбокай Ад вёсак далёка. Куляшоў. Сябрам-партызанам [Дубяга] сказаў не чакаць З глыбокай разведкі раней як дзён пяць. Танк. // перан. Даўно мінулы; аддалены (пра час). Глыбокая старажытнасць.

4. Змястоўны, важны, грунтоўны. Глыбокія веды. Глыбокі аналіз паэмы. // Значны, істотны (пра змест, уклад у што‑н. і пад.). Пакінуць глыбокі след у літаратуры. □ Я толькі сёння распазнаў Глыбокі сэнс звычайных ісцін... Глебка.

5. Які дасягнуў высокай ступені; поўны, моцны (пра пачуцці, стан і пад.). Глыбокая любоў. Глыбокае маўчанне. □ Сцёпка падыходзіць да Алёнкі. Па голасу яго яна чуе глыбокую да яе павагу. Колас. Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора. Гартны. // Які дасягнуў найвышэйшай ступені, мяжы ў сваім развіцці. Глыбокая старасць. // Позні, глухі (у 5 знач.). У глыбокую восень, скончыўшы навігацыю, параходы заходзілі ў загон. Ракітны.

6. Нізкі, шчыры (пра паклон). З паклонам ветлым і глыбокім сустрэў пасланак гаспадар. Машара.