глыбіня, ‑і; мн. глыбіні, ‑бінь; ж.

1. Адлегласць ад паверхні чаго‑н. да дна. Глыбіня рэчкі. Вымераць марскія глыбіні. ▪ Па барознах шэрых Раённы аграном ідзе, Каб глыбіню раллі праверыць. Танк.

2. Месца, значна аддаленае ад паверхні чаго‑н. Ззяюць, граюць рыбкі У сіняй глыбіні. Бядуля.

3. чаго. Месца, прастора, аддаленая ад граніц чаго‑н. або размешчаная ўнутры, усярэдзіне чаго‑н. Лясніцкі і Прыборны прабіраліся па вузкай сцежцы ў глыбіню лесу. Шамякін. // перан. Унутраная вобласць чаго‑н.; тое, у чым змяшчаецца аснова, сутнасць чаго‑н. Творчасць пісьменніка бярэ пачатак з глыбінь народнага жыцця. // перан. Пра далёкае мінулае. Адплываюць бурна вёсны, леты у нямую глыбіню вякоў. Смагаровіч.

4. толькі адз. Змястоўнасць, важнасць. Глыбіня пачуцця. ▪ У кожнай песні свае тоны І свой адбітак глыбіні. Колас. // Ступень ахопу чаго‑н. Глыбіня крызісу.

•••

Да глыбіні душы (сэрца) — вельмі моцна (крануць, уразіць і пад.).

У глыбіні душы (сэрца) — пра пачуцці, перажыванні чалавека, скрытыя ад іншых людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)