праліўны́, ‑ая, ‑ое.
Вельмі моцны, вялікі (пра дождж). Дзве гадзіны цягнулася навальніца, дзве гадзіны ішоў праліўны дождж, што, здавалася, мог заліць які хочаш пажар. Маўр. Наскрозь прамоклі шынялі Пад праліўным дажджом. Астрэйка.
пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.
1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.
2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.
праліццё, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. праліць і праліцца (у 1 знач.).
пралі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; зак., што.
Разліць. — Каб у бацюшкі ў засеках поўна было, — прыгаворваў Габрусь, калі бацюшка нагінаўся сербануць з чаркі, каб не праліць «жывой вадзіцы»... Чарот. — Не забудзь жа, хлопча, тры карабкі з паловай, — затыкаючы анучкай каністру, заклапочана гаварыла бабка Ганна. — Ды глядзі ж не пралі па дарозе. Аляхновіч. // перан. Выпраменьваць, пашыраць навокал (святло, гукі і пад.).
•••
Праліць кроў чыю — параніць, забіць каго‑н.
Праліць пот — папрацаваць.
Праліць (сваю) кроў за каго-што — ахвяраваць жыццё або быць параненым, змагаючыся за каго‑, што‑н.
Праліць святло на што — растлумачыць што‑н., зрабіць ясным, зразумелым.
пралі́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да пралічыцца.
пралічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.
Памыліцца ў меркаваннях, падліках. [Старыковіч:] — Стог — пад неба, а сена ў ім па вазе не шмат. Пралічыліся, выходзіць. Асіпенка. Толькі .. [Сенька] пралічыўся — лазняк тут рос вузкай паласой, і не паспеў злодзей прабегчы і метраў з дваццаць, як выскачыў на адкрытае месца. Краўчанка.
пра́лля, ‑і, ж.
Разм. Жанчына, якая займаецца прадзеннем. Мастак паказаў на палатне маладую зграбную праллю з доўгай касой. Ліс.
прало́г, ‑а, м.
Уступная частка літаратурнага ці музычнага твора. У пралогу чытачы знаёмяцца з падзеямі, якія папярэднічалі таму, што апісана ў творы, або з агульнай задумай аўтара. А. Макарэвіч. // перан. Уступ да чаго‑н., пачатак чаго‑н. — Наша знаёмства будзе, так сказаць, пралогам да большага. Асіпенка.
[Грэч. prologos ад pro — перад і logos — слова, мова.]
прало́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пралажыць.
прало́м, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. праломліваць — праламаць (у 1 знач.).
2. Месца, адтуліна, прабітая, праламаная ў чым‑н. Віця спачатку лічыў дамы, але спатыкнуўся ў праломе тратуара і ледзь не ўпаў... Нядзведскі. Скрозь праломы ў сценах відаць разбураныя лесвіцы, абгарэлыя жалезныя бэлькі. Сяркоў.