Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праку́да, ‑ы, м. і ж.

Разм.

1. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж. Ахвотнік (ахвотніца) да свавольстваў, розных штук; гарэза. Раса... Віры... Туману сырадой. Клююць яршы — падводныя пракуды. Калачынскі.

2. ж. Праява; навала. Але тут пачалі наўкруга прападаць коні ў людзей. То з начлегу не вернецца, то з хлява згіне — што за пракуда? Скрыган.

пракуда́хтаць, ‑хчу, ‑хчаш, ‑хча; зак.

1. Абазвацца кудахтаннем.

2. Кудахтаць некаторы час.

праку́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Разм. Сваволіць, штукарыць; гарэзіць.

праку́длівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць пракудзіць; свавольны, гарэзлівы. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Істота нябачная, але надзвычай пракудлівая. Мала таго, што сама не любіць працаваць, дык і мяне падбухторвае на гэта. Пальчэўскі. // Які з’яўляецца свавольствам, штукарствам. Шэйдак ведаў: за Людку няма каму заступіцца,.. яшчэ больш выдумляў розных пракудлівых рэчаў і не даваў ёй спакойна сядзець. Сабаленка.

пракукава́ць, ‑кукую, ‑кукуеш, ‑кукуе; зак.

1. Пракрычаць «ку-ку». Бор зусім прыціх, Змаўкаюць дробных птушак галасы, — Яна [зязюля] пракукавала тры разы. Куляшоў.

2. Кукаваць некаторы час. Пракукаваць увесь вечар.

пракукарэ́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пракрычаць «кукарэку». Хоць недзе далёка асіпла пракукарэкаў певень — наступіла поўнач, — заснуць ніхто не мог. Новікаў.

2. Кукарэкаць некаторы час.

пракульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Прайсці кульгаючы. Цераз вуліцу пракульгаў Каліткаў Валадым. Вітка. Атаманавіч пракульгаў да стала, на сваё даўнейшае месца. Паўлаў.

пракультывава́ць, ‑тывую, ‑тывуеш, ‑тывуе; зак., што.

Правесці культывацыю, узрыхленне перад сяўбой. Пракультываваць глебу.

пракурады́мець,

гл. пракуродымець.

пракурады́міцца,

гл. пракуродыміцца.