Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сагіта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які дзеліць цела ўздоўж на правую і левую палавіны. Сагітальны разрэз галавы.

[Ад лац. sagitta — страла.]

сагна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сагнаць.

сагна́ць, зганю, згоніш, згоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці, пабегчы, паляцець і пад. з якога‑н. месца, адкуль‑н. Сагнаць муху. Сагнаць птушку з гнязда. □ Галоўны мінёр Скаварада махнуў рукой, сагнаў Шуру з насыпу. Навуменка. Няёмка неяк узяць вось так сагнаць чалавека і самой усесціся. Васілевіч. Пан Вальвацкі.., вярнуўшыся дадому, зараз жа загадаў парабкам сагнаць з лугу кармянецкія каровы. Крапіва. // Прымусіць перасяліцца адкуль‑н. Мог і дзедка Тады ўзбунтавацца, Калі іх сагналі з зямлі. Сіпакоў.

2. каго-што. Прыгнаць з розных месц, прымусіць сабрацца ў адно месца. Эсэсаўцы акружылі вёску, сагналі захопленых жыхароў у стайню, заперлі яе і падпалілі. Хадкевіч. / Пра вецер і пад. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца. Чорны. // Змесці ў адно месца. Зарэцкі пералажыў відэльцы з месца на месца, пальцамі сагнаў крошкі на настольніку ў адну кучку. Скрыган.

3. каго-што. Адагнаць каго-што‑н. на далёкую адлегласць. Цяглавую сілу, якую не паспелі эвакуіраваць, многія калгасы сагналі на далёкія выпасы. Казлоў. Адны могуць пажартаваць, а потым забыцца. Другія — проста па злосці сагнаць лодку. Ваданосаў. // Развеяць ветрам і пад. Сагнаць пыл. □ Ранішні вецер разарваў хмары, сагнаў іх кудысьці на край небасхілу. Шашкоў. Вецер сагнаў апаўшае лісце з паляны ў лес, і пад дубамі зямлю густа ўсцілалі жоўта-зялёныя жалуды. Шамякін. // Змятаючы, ачысціць ад чаго‑н. Сагнаць каласы мятлою з зерня.

4. што. Растапіць (пра снег). А як толькі сонца згоніць снег з высокіх лапінак на лагу, яны становяцца нашымі стадыёнамі. Сіпакоў. / у безас. ужыв. Снег сагнала дні за тры, і ўжо жаўрукі ціліўкалі, заходзілася ў блакітнай вышыні неба. Сабаленка. Вясна прыйшла імклівая, хуткая. За які тыдзень снег сагнала нават у лесе. Навуменка.

5. што. Пазбавіцца ад чаго‑н. Сагнаць бародаўку. Сагнаць рабацінне. □ І я [курыца] часамі ўзлятаю — На плот, на хлеў, на сенавал, Каб тлушч сагнаць, крыху размяцца, Але ні воплескаў мне, ні пахвал... Валасевіч. // перан. Аб знікненні якога‑н. пачуцця, ухмылкі і пад. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны. Быкаў.

•••

Сагнаць ахвоту — задаволіць жаданне, нацешыцца чым‑н.

Сагнаць вагу — палягчэць у выніку пэўнай сістэмы харчавання, фізічных практыкаванняў і пад.

Сагнаць злосць на кім — даць выхад сваёй зласлівасць. Я са слязьмі на вачах пазіраў, як бедны конь гатоў быў вылузацца са шнуры, мне шкада было яго, але я ведаў, што ніякія просьбы не памогуць: пакуль бацька не згоніць злосці — не адстане. Дамашэвіч.

Сагнаць смагу — задаволіць патрэбнасць у вадзе. [Язэп] пачаў сасмоктваць расу з травы і неўзабаве сагнаў пякучую смагу. Асіпенка.

Сагнаць сто патоў з каго — прымусіць працаваць да знямогі.

Сагнаць стружку з каго — прабраць, прапясочыць каго‑н. — Правільна, Валя! Няхай з яго там стружку згоняць. Іш, распусціўся тут, — уставіў Яўген. Савіцкі.

Сагнаць фанабэрыю (пыху) з каго — асадзіць каго‑н., паставіць на месца.

сагну́тасць, ‑і, ж.

Стан сагнутага (у 2, 3 знач.).

сагну́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сагнуць.

2. у знач. прым. Складзены пад вуглом у суставе (пра канечнасці). Баец ужо спаў, шырока раскінуўшы рукі з сагнутымі пальцамі. Федасеенка. // Які прымае дугападобную форму пры згінанні. Толькі на астраўку між кустоў мільгалі іх [хлопцаў] сагнутыя спіны. Няхай. // Скрыўлены, згорблены. Супроць брамы гэтага доміка сядзела сагнутая худая жанчына сярэдніх гадоў. Бядуля. // Пахілены (пра дрэва, расліны). Сагнутая вярба. // Пагнуты. Сагнутая бляшанка.

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

сагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

саграва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, служыць для сагравання. Сагравальны кампрэс.

саграва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. саграваць — сагрэць і сагравацца — сагрэцца.

саграва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сагрэцца.

2. Зал. да саграваць.